Беларускія бізнэсоўцы перавезьлі ў Эўразьвяз амаль 9 тысяч кампаній, 75% зь іх — у Польшчу

Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА), беларускія прадпрымальнікі агулам перавезьлі ў Эўразьвяз амаль 9 тысяч кампаній, паведамляе BNS.

Зь іх на пачатак 2024 году каля 75% усіх кампаній, якія пераехалі зь Беларусі ў ЭЗ, перанесьлі сваю дзейнасьць у Польшчу, 10% — у Літву, 7% — у Эстонію, 4% — у Латвію.

Так, у Літве цяпер зарэгістравана 833 кампаніі, акцыянэрамі або канчатковымі бэнэфіцыярамі якіх зьяўляюцца грамадзяне Беларусі, каля 40% зь іх зарэгістраваныя пасьля 2020 году.

Пік пераезду кампаній зь Беларусі ў Літву прыпаў на 2022 год, асноўнымі кампаніямі, якія пераехалі ў Літву, былі гуртовы і раздробны гандаль, будаўнічыя кампаніі B2C («бізнэс для кліентаў». — Рэд). IT-кампаніі складаюць да дзясятай часткі кампаній, якія пераехалі ў Літву зь Беларусі, але менавіта гэтыя кампаніі плацяць у Літве больш за ўсё падаткаў, расказаў віцэ-прэзыдэнт АВВА Серж Наўродзкі падчас трэцяга Беларускага прадпрымальніцкага форуму, які прайшоў у Вільні.

Ён адзначыў, што магчымае ўраўноўваньне абмежаваньняў для беларусаў з абмежаваньнямі для расейцаў практычна спыніць беларускія кампаніі і грамадзян, якія ўцякаюць ад рэжыму, ад пераезду ў Літву.

9 красавіка ў Вільні трэці раз прайшоў Беларускі прадпрымальніцкі форум, на ім прадстаўнікі беларускай прадпрымальніцкай супольнасьці абмяркоўвалі актуальныя праблемы сваёй дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні трэці раз праходзіць Беларускі прадпрымальніцкі форум
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе амаль 7,7 тысячы беларусаў сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў Польшчы. А што з ІП у Беларусі?