Затрымалі актывістку Галіну Лагацкую
Пра затрыманьне ў Менску Галіны Лагацкай Свабодзе паведаміла крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла яе не называць.
9 красавіка Галіну Лагацкую запрасілі ў міліцыю, нібыта каб вярнуць ёй мабільны тэлефон, але дадому актывістка не вярнулася. Сястры Лагацкай, якая жыве ў Польшчы, сказалі ў Кастрычніцкім РУУС Менску, што Галіну затрымалі на 72 гадзіны да суду.
«Ня выключана, што на Галіну могуць завесьці і крымінальную справу», — мяркуе крыніца Свабоды.
Галіна Лагацкая — актывістка пэнсіянэрскага руху зь Менску, якую пасьля 2020 году шмат разоў затрымлівалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. У тым ліку ў 2021 годзе Галіна Лагацкая адбыла адміністрацыйны арышт пасьля затрыманьня, якое адбылося на 9 траўня на плошчы Перамогі, дзе на ўскладаньні кветак быў Аляксандар Лукашэнка. Пэнсіянэрка пасьля арышту казала, што несла ў руках партрэт бацькі-вэтэрана, а сама зьбіралася перадаць Лукашэнку ліст са скаргай.
У сакавіку 2022 году Галіне прысудзілі 15 дзён арышту за лістоўкі «Не — вайне» (гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваньнем»). Днямі ёй паведамілі, што гатовыя аддаць тэлефон, і запрасілі ў РАУС. Адтуль Галіна не вярнулася.
Ксяндза з Горадзенскага раёну аштрафавалі за «экстрэмісцкую» падпіску ў Facebook
Сталі вядомыя дэталі суду над горадзенскім сьвятаром Паўлам Гедройцем. Яго асудзілі за «экстрэмісцкую» падпіску ў Facebook: наклалі штраф у 1200 рублёў, піша «Хрысьціянская візія».
Таксама ў ксяндза канфіскавалі тэхніку.
Пробашча касьцёла вёсак Галынка і Пярстунь Горадзенскага раёну Паўла Гедройця асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала судзьдзя Натальля Козел.
Старонка сьвятара ў Facebook выдаленая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: украінца затрымалі за камэнтары ў адрас расейскіх вайскоўцаў
Сілавікі затрымалі беларуску, якая ў 2020 годзе «перашкаджала праезду» машыне ДАІ
Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, апублікаваў відэа пра затрыманьне беларускі, якая ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэстах і нібыта «перашкаджала праезду» машыне ДАІ. Як пішуць аўтары каналу, на яе завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкулу, не ўдакладняецца.
Паводле інфармацыі «Медиазоны», у сацсетках затрыманую завуць Натальля Салук.
Жыхарку Сянно судзяць за парушэньні заканадаўства аб выбарах
Суд Сеньненскага раёну 10 красавіка разглядае справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай, піша тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Яе будуць судзіць па рэдкім артыкуле аб парушэньні заканадаўства аб выбарах (артыкул 10.9 КаАП).
Што менавіта ставяць у віну Гарбачовай, невядома. Аўтары канала прааналізавалі нядаўнія рашэньні суду ў банку дадзеных судовых рашэньняў паводле гэтага артыкулу. У адным выпадку беларуску аштрафавалі на 400 рублёў за фота бюлетэня, яшчэ ў адным рашэньні суду гаварылася, што жанчына вынесла з участку чысты бюлетэнь, яе аштрафавалі на 320 рублёў. Яшчэ ў адным выпадку пэнсіянэр у Берасьці прадставіў старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасьці назіральніка пратакол паседжаньня аб’яднаньня, не зарэгістраванага ў Міністэрстве юстыцыі, яго за гэта аштрафавалі на 400 рублёў.
Фігуранта «справы Рабочага руху» зьбіраюцца перавесьці на турэмны рэжым
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што палітзьняволенага Аляксандра Капшуля хочуць перавесьці на турэмны рэжым.
10 красавіка ў Бабруйску пачынаецца суд аб замене палітвязьню рэжыму ўтрыманьня. Разглядае справу судзьдзя Павал Карцінін.
Аляксандр Капшуль – былы юрысконсульт ААТ «Нафтан» заводу «Палімір». Палітвязень праходзіў у «справе Рабочага руху». Яго затрымалі 25 верасьня 2021 году на тэрыторыі Расеі і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Са сьнежня 2022-га па люты 2023 году палітвязень трымаў галадоўку цягам 51 дня.
Летась Гомельскі абласны суд прызнаў Капшуля вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і асудзіў на 15 гадоў калёніі.
Спачатку ён адбываў пакараньне ў калёніі № 15 (Магілёў), потым – у ПК №2 (Бабруйск).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: украінца затрымалі за камэнтары ў адрас расейскіх вайскоўцаў