9 красавіка ў Смаленскай вобласьці Расеі адкрылі рух цягнікоў у напрамку Масква — Менск. Напярэдадні там абваліўся аўтамабільны мост над чыгункай.
Адкрыты рух па адным пуці на перагоне Сямлёва — Вязьма, дзе напярэдадні абваліўся мост, паведаміла Маскоўская чыгунка. Рух цягнікоў у напрамку Масква — Менск адкрыты, удакладніў губэрнатар Васіль Анохін. Пасажырскія цягнікі ідуць па звычайных маршрутах.
«Яшчэ на дзьвюх каляінах аднаўленчыя працы практычна завершаныя. У найбліжэйшы час чыгуначныя зносіны будуць цалкам адноўленыя», — заявіў Анохін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смаленскай вобласьці абваліўся аўтамабільны мост над чыгункай Масква — Менск. Ёсьць ахвяры і пацярпелыя
- 8 красавіка ў горадзе Вязьма Смаленскай вобласьці абваліўся аўтамабільны мост над чыгункай. З вышыні ўпалі легкавы аўтамабіль і грузавік, якія ехалі па мосьце. Жанчына, якая знаходзілася ў легкавым аўтамабілі, загінула. Кіроўца грузавіка шпіталізаваны ў цяжкім стане. Агулам пацярпелі пяць чалавек.
- Аварыя таксама пашкодзіла чыгунку на перагоне Вязьма — Сямлёва. Рух цягнікоў там быў прыпынены. Перагон Вязьма — Сямлёва мае важнае транспартнае значэньне. Гэта частка чыгункі Масква — Менск, па ёй паміж Расеяй і Беларусьсю могуць дастаўляцца ў тым ліку і вайсковыя грузы.
- Праз абвал моста ў раёне былі пашкоджаныя сеткі газазабесьпячэньня. Каля 8,8 тыс. чалавек і 69 юрыдычных асоб засталіся бяз газу. Вядуцца рамонтныя работы.
- У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што завялі крымінальную справу па факце абвалу моста і гібелі чалавека.
- У сувязі з аварыяй цягнікі зь Менску, Гомля і Берасьця пусьцілі ў абыход.