Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка трапіла ў новы рэйтынг амэрыканскага часопіса Forbes «30 да 30. Эўропа».
Гэты сьпіс апублікавалі на сайце выданьня 9 красавіка.
Forbes уключыў у рэйтынгі самых уплывовых у Эўропе, на думку аналітыкаў выданьня, людзей ва ўзросьце да 30 гадоў з розных сфэраў. 25-гадовая Арына Сабаленка трапіла ў разьдзел «Спорт і гульні» за дасягненьні ў тэнісе і высокія даходы.
Раней Forbes паставіў яе на шостае месца сярод самых высокааплатных спартовак у сьвеце ў 2023 годзе: Сабаленка зарабіла 14,7 млн даляраў.
Арына Сабаленка на сёньняшні дзень займае другі радок у міжнародным рэйтынгу WTA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае». Сабаленка ўпершыню выказалася пра гібель Кальцова- У сакавіку ўвага журналістаў была прыцягнутая да Сабаленкі ў сувязі з гібельлю беларускага хакеіста і трэнэра Канстанціна Кальцова, зь якім яна сустракалася з 2020 году. У камэнтары СМІ тэнісістка заявіла, што на момант сьмерці Кальцова яны ўжо не былі ў стасунках.
- Раней тэнісістка зазнала вострую крытыку за сваю палітычную пазыцыю, а менавіта за падтрымку палітыкі Лукашэнкі на радзіме і маўчаньне адносна расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. У 2020 годзе Сабаленка пасьля народных пратэстаў супраць дыктатуры на радзіме падпісала ліст у падтрымку Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год. Пазьней Сабаленка заявіла, што цяпер ужо не падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі.
- Пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне на пытаньні пра вайну Сабаленка казала, што ня мае камэнтароў на пытаньні такога парадку і гатовая размаўляць толькі пра тэніс. Украінскія тэнісісткі пасьля матчаў адмаўляліся ціснуць Сабаленцы руку. Пазьней яна казала, што супраць вайны, але ні на што паўплываць ня можа.