«БелЮрЗабесьпячэньне» другі раз прадавала кватэру былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасалу Валерыя Цапкалы і ягонай жонкі Веранікі праз электронны аўкцыён. 9 красавіка на яе знайшліся патэнцыйныя пакупнікі.
Зь першага разу кватэру сям'і Цапкалаў прадаць ня здолелі: на аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі і таргі скасавалі.
Папярэднюю цану з таргоў у лютым панізілі на 71 тысячу беларускіх рублёў — да 286 753,76 руб. Час аўкцыёну 9 красавіка некалькі разоў працягвалі, і ў выніку кватэру ўвечары прадалі за 395 720.27 руб.
Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў месьціцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Агульная плошча жытла — 103,7 кв. м. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Разам з жытлом прадавалася парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе ў пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кватэру Цапкалаў паўторна выставілі на аўкцыёнХто такія Валер і Вераніка Цапкалы
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі выявілася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі» старонкі ў сацсетках Валерыя і Веранікі Цапкалаў