У Гомлі затрымалі буйнога прадпрымальніка Навума Каца. Ён меў абутковую фабрыку і вінаваціў у яе закрыцьці Бабарыку

Навум Кац

Як стала вядома праваабаронцам, яго затрымалі нібыта за «распаўсюд экстрэмізму».

8 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля судзьдзя Віктар Казачок разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») у дачыненьні да гомельскага прадпрымальніка Навума Каца.

Вынік адміністрацыйнага працэсу высьвятляецца, піша «Гомельская вясна».

Кац — былы генэральны дырэктар абутковай фабрыкі «Батычэлі», сябра Грамадзкага аб’яднаньня садзейнічаньня разьвіцьцю прыватнага прадпрымальніцтва «Адзінства», аўтар Канцэпцыі FMR (ад ангел. functioning — management — result, г. зн. «функцыянаваньне — кіраваньне — вынік»). Кандыдат эканамічных навук. Вядучы экспэрт Рэспублікі Беларусь у галіне кансультацый і адукацыі ў бізнэсе, як прадстаўляе яго старонка Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абмяжуюць рэгістрацыю новых ІП у некаторых відах дзейнасьці,  ухвалілі законапраект

Фабрыка «Батычэлі», якой кіраваў Кац, — вытворчае прадпрыемства, якое спэцыялізавалася на вырабе дзіцячага і падлеткавага абутку. Трапіла на беларускі і расейскі рынкі ў 1998 годзе.

З 2015 году Кац быў экспэртам і сябрам журы конкурсу «Стартап году», з 2016 году быў у праўленьні ўстановы «Новая Эўразія», з таго ж году — сябра прэзыдыюму каардынацыйнай рады «Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва».

Разам з жонкай выхоўвае чацьвярых дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 красавіка: асудзілі прадпрымальніка з Горадні і мэдсястру зь Менску

Апошнім часам Кац быў генэральным дырэктарам створанага ім «Цэнтру бізнэс-разьвіцьця», аднак з 2021 году пра дзейнасьць гэтай арганізацыі нічога не вядома, яе старонкі з тых часоў не абнаўляліся, заўважыў «Флагшток».

Мяркуючы па інфармацыі ў сацыяльных сетках, фабрыка «Батычэлі» спыніла працу яшчэ ў 2019 годзе. Аднак Каца прадстаўлялі менавіта як кіраўніка гэтага прадпрыемства ў 2020 годзе, калі ён узяў удзел у стварэньні прапагандысцкага фільму, накіраванага супраць прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады фабрыка пратэрмінавала выплаты па крэдытах, але Кац абвінаваціў у праблемах прадпрыемства сам «Белгазпрамбанк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні трэці раз праходзіць Беларускі прадпрымальніцкі форум