У Кіеве заявілі аб удары дронам у авіязавод у Варонежы, у Расеі не пацьвярджаюць

Сьпікер Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў. Архіўнае фота

Губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў паведаміў, што наступствы ўдару ўдакладняюцца. Ахвяр сярод цывільных ці вайсковых няма. 

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявілі аб пацэльваньні дронаў у авіяцыйны завод у горадзе Барысаглебск Варонескай вобласьці Расеі.

«Так, авіязавод. Гэта тое, што мы можам канстатаваць з розных крыніц. Грукат быў, гэта таксама можам пацьвердзіць. Падрабязнасьцяў раскрываць ня будзем, але, паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі асноўныя вытворчыя магутнасьці прадпрыемства», — заявіў сьпікер Галоўнага ўпраўленьня выведкі Андрэй Юсаў у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Раніцай расейскія Telegram-каналы, у тым ліку Baza, паведамілі аб ударах бесьпілётнікаў па тэрыторыі цэнтру падрыхтоўкі пілётаў у Барысаглебску. Сьцьвярджалася, што, нягледзячы на спробы зьбіць дроны са стралковай зброі, два зь іх усё ж пацэлілі па тэрыторыі цэнтру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заявілі аб зьнішчэньні 6 бамбавікоў на аэрадроме ў Растоўскай вобласьці. У Расеі не камэнтуюць

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб зьбіцьці чатырох бесьпілётнікаў — двух над Белгарадзкай і двух — над Варонескай вобласьцю. Апроч таго, расейскія вайскоўцы заявілі, што над Чорным морам зьбілі ўкраінскую супрацькарабельную ракету «Нэптун». Аб аб’ектах, над якімі працавалі сілы супрацьпаветранай абароны і якія маглі пацярпець у выніку падзеньня аскепкаў дронаў, не паведамляюць.

Губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў паведаміў, што наступствы ўдару ўдакладняюцца. Ахвяр сярод цывільных ці вайсковых няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Брытаніі: Украіна не дае Чарнаморскаму флёту праяўляць сілу ў рэгіёне

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны абстрэльваюцца з артылерыі і бесьпілётнікаў. У выніку такіх атак былі разбурэньні і ахвяры. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што атакі вядуцца з украінскага боку. У Кіеве большасьць такіх паведамленьняў не камэнтуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сумах расейцы пацэлілі ў жылы дом, ёсьць загінулыя. У Маскве заявілі аб украінскіх ударах дронамі па 6 рэгіёнах