У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку ключавога этапу праверкі боегатоўнасьці Ўзброеных сіл.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, вучэньні з баявой стральбой будуць праходзіць з 9 да 11 красавіка на палігонах і ўчастках мясцовасьці ў чатырох абласьцях Беларусі — Віцебскай, Горадзенскай, Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцях.
«Падразьдзяленьні адпрацуюць абарончыя дзеяньні: адбіцьцё наступу ўмоўнага праціўніка, зьнішчэньне незаконных узброеных фармаваньняў, дывэрсійна-выведных груп, агнявое пацэльваньне па перадавых атрадах праціўніка і агнявая падтрымка войскаў, якія абараняюцца. Гэта ключавы этап праверкі боегатоўнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прывяла ў баявую гатоўнасьць брыгаду, якая дысьлякуецца на мяжы з Польшчай11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак у адказ на правядзеньне ля межаў Беларусі вучэньняў NATO.
Першага красавіка ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку вучэньняў з выкарыстаньнем рэактыўных сыстэм залпавага агню «Палянэз».
На тэрыторыі Беларусі ўвесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Горадні: «Мы рыхтуемся да вайны. Я пра гэта кажу шчыра»