Дамэнныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў», змогуць ануляваць. Пра гэта сьведчыць новы загад Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Размова пра ідэнтыфікатары, зарэгістраваныя ў нацыянальнай дамэннай зоне. Ануляваць будуць пасьля рашэньня адміністратара нацыянальнай дамэннай зоны пасьля ўключэньня рэсурсу ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пасьля ануляваньня запісу аб рэгістрацыі дамэннага імя яго ня будуць адміністраваць. Пасьля гэтага імя будзе недаступным для рэгістрацыі і будзе знаходзіцца ў асобным пераліку.
Уключыць дамэн у адмысловы пералік змогуць і ў мэтах нацыянальнай бясьпекі. Напрыклад, каб перадухіліць выкарыстаньне сукупнасьці літар, лічбаў, сымбаляў і слоў, якія не адпавядаюць агульнапрынятым маральна-этычным нормам, распальваюць сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варожасьць ці прапагандуюць гвалт або жорсткасьць.
У дакумэнце таксама прапісана, што выкарыстаньне дамэнных імёнаў, якія знаходзяцца ў адмысловым пераліку, дапускаецца толькі «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады пазбавілі БАЖ дамэннага імя і пошты. БАЖ зьвяртаецца ў міжнародныя інстанцыіАкрамя таго, ААЦ легалізаваў магчымасьць забраць дамэн, калі ўладальнік асабіста не пацьвердзіць свае зьвесткі. Больш дэталёва апісаны мэханізм атрыманьня ў спадчыну дамэну ў выпадку сьмерці ўладальніка.
З нагоды выхаду гэтага загаду адзін з сайтаў, які пацярпіць ад навацыі — reform.by — адзначыў:
«Па-першае, пасьля ануляваньня дамэну мы ўключым сайт на дамэне reform.news. Ён таксама ўжо заблякаваны ў Беларусі, але непадкантрольны ўладам у Менску. Магчыма, будуць часовыя тэхнічныя праблемы пры пераезьдзе, але мы абяцаем усё хутка вырашыць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’ю Юрыя Зісера пазбавілі права валоданьня дамэнамі «ТУТ БАЙ МЕДЫА»