Жанчына, якая знаходзілася ў легкавым аўтамабілі, загінула. Кіроўца грузавіка шпіталізаваны ў цяжкім стане.
Агулам пацярпелі пяць чалавек, паведаміла рэгіянальная прэсавая служба МНС. Пацярпелым аказваецца мэдычная дапамога.
Аварыя пашкодзіла чыгунку на перагоне Вязьма — Сямлёва. Рух цягнікоў там прыпынены. У момант здарэньня на ўчастку не было саставаў, цяпер там расчышчаюць каляіны.
Перагон Вязьма — Сямлёва мае важнае транспартнае значэньне. Гэта частка чыгункі Масква — Менск, па ёй паміж Расеяй і Беларусьсю могуць дастаўляцца ў тым ліку і вайсковыя грузы.
Акрамя таго, як паведамляюць мясцовыя ўлады, праз абвал моста ў раёне пашкоджаныя сеткі газазабесьпячэньня. Каля 8,8 тыс. чалавек і 69 юрыдычных асоб засталіся бяз газу. Вядуцца рамонтныя работы.
Губэрнатар Смаленскай вобласьці Васіль Анохін заявіў, што ўзяў сытуацыю пад асабісты кантроль і выехаў на месца здарэньня. У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што завялі крымінальную справу па факце абвалу моста і гібелі чалавека.
У сувязі з аварыяй у Смаленскай вобласьці РФ Беларуская чыгунка «прымае апэратыўныя рашэньні па зьмене парадку пропуску цягнікоў», якія едуць у накірунку РФ – Беларусь – РФ праз станцыю Вязьма, паведаміла прэсавая служба Беларускай чыгункі.
Станцыя Вязьма зьяўляецца буйным чыгуначным вузлом.
Тэлеграм-канал «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» адзначае, што ад Вязьмы да Воршы знаходзіцца «найбольш напружаны ўчастак ў зносінах Расея – Беларусь і асноўны для міжнародных перавозак Кітай – Эўропа – Кітай (Міжнародны транспартны калідор № 2)».
«Гэта 10-15 параў грузавых цягнікоў за суткі з прапускной здольнасьцю 30 параў цягнікоў за суткі. Акрамя таго, гэта асноўны і, можна сказаць, адзіны калідор для пасажырскіх цягнікоў напрамкаў Масква – Менск: зараз ад 14 да 23 цягнікоў кожныя суткі», – паведамляе тэлеграм-канал.