Украіна ня можа паўнавартасна ўмацаваць мяжу з Расеяй у Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцях, а на беларускім кірунку нарошчвае абаронныя магчымасьці.
«Сытуацыя за апошні час там практычна не зьмянілася, але гэтыя кірункі маюць свае адрозьненьні. Калі казаць пра мяжу зь Беларусьсю, то па той бок мы не адзначаем, што Расея мае нейкія сілы, каб уварвацца на тэрыторыю Ўкраіны.
На жаль, Беларусь працягвае падтрымліваць краіну-агрэсарку, якая разьвязала вайну супраць нашай дзяржавы, таму гэты кірунак застаецца пагражальным, нягледзячы на тое, што сытуацыя там цалкам кантралюецца», і мы працягваем нарошчваць нашые абарончыя магчымасьці», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемаратону «Єдині новини».
Паводле яго, праз сталыя абстрэлы Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей пакуль няма магчымасьці ўмацаваць лінію мяжы з Расеяй, але фартыфікацыйныя загароды зводзяцца і на тых кірунках.
«Большасьць абстрэлаў праводзіцца па Харкаўскай вобласьці, а таксама па Сумшчыне, менш — па Чарнігаўшчыне. Застаецца актыўнасьць варожых дывэрсійных выведных груп, асабліва ў кірунку Сумскай вобласьці, але нягледзячы ні на што, мы працягваем таксама нарошчваць нашые абарончыя магчымасьці па ўсёй адлегласьці мяжы з краінай-агрэсаркай, і ў межах Чарнігаўшчыны, Сумшчыны і Харкаўшчыны», — патлумачыў Андрэй Дземчанка.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ўдакладніў, што цяпер няма магчымасьці ўмацаваць лінію мяжы з Расеяй інжынэрнымі збудаваньнямі. «Але ў фартыфікацыйным дачыненьні ў максымальнай блізкасьці да мяжы такія парцы працягваюцца», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жытомірскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю будуюць дадатковыя фартыфікацыіАляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўцягвае Беларусь у вайну ці ён усё ж гарант міру? Які вобраз цяпер дамінуеУвесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
2 красавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе свайго наведваньня Горадні выказаўся аб падрыхтоўцы да вайны. Перад гэтым ён заявіў пра Сувальскі калідор, у выніку чаго Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Горадні: «Мы рыхтуемся да вайны. Я пра гэта кажу шчыра»