Расейскія вайскоўцы ў ноч на 7 красавіка ўдарылі па Ўкраіне бесьпілётнікамі і ракетамі. Ёсьць параненыя і загінулыя ў Запароскай вобласьці, разбурэньні ў Адэсе, паведамляюць мясцовыя ўлады.
У Гуляйполі Запароскай вобласьці ў выніку расейскага абстрэлу з «Градаў» загінулі трое мірных жыхароў. «Двое мужчын і жанчына загінулі пад абломкамі ўласнага дома, у які трапіў расейскі снарад. Яшчэ адзін мужчына атрымаў раненьні — яго даставілі ў бальніцу», — паведаміў раніцай 7 красавіка кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.
Пры ўдары па Купянску Харкаўскай вобласьці пашкоджаны жылы дом, загінула 85-гадовая мясцовая жыхарка, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго, у выніку абстрэлу ў Купянску былі пашкоджаныя два паверхі чатырохпавярховага жылога дома.
Пра новы напад дронаў-камікадзэ на Харкаў паведаміў мэр горада Ігар Церахаў. «Адзін з дронаў трапіў у прыватны дом. Пажар», — напісаў кіраўнік горада.
Паводле Сінягубава, у ноч на нядзелю ў выніку ўдараў баявых дронаў па Харкаве пашкоджаныя 10 прыватных жылых дамоў, дзіцячы сад, тры пяціпавярховікі і тры аўтамабілі. Пацярпеў 62-гадовы мужчына. Раніцай зафіксавалі 4 «трапляньні» ў некалькіх раёнах Харкава. Церахаў таксама паведаміў, што ёсьць параненыя ў выніку ракетнага абстрэлу аднаго з цэнтральных раёнаў Харкава.
Сілы абароны поўдня Ўзброеных сіл Украіны распавялі, што расейскія вайскоўцы ўдарылі па Адэсе ракетай — верагодна, «Іскандэр-М», — накіраваўшы яе на прыпартавую інфраструктуру. У выніку выбухаў у горадзе ўзьнік пажар. «Узьнікла ўзгараньне, якое пажарныя апэратыўна патушылі. Пашкоджаньні атрымалі адміністрацыйны і тэхнічны будынак», — удакладнілі ва УСУ.
У Паветраных сілах УСУ заявілі, што расейскія вайскоўцы ў ноч на 7 красавіка атакавалі Ўкраіну 17 дронамі тыпу Shahed-131/136. Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ўсе дроны ўдалося зьбіць. Акрамя бесьпілётнікаў, як сьцьвярджаецца ў зводцы УСУ, былі запушчаныя авіяцыйная ракета Х-31 і балістычная «Іскандэр-М», іх зьбіць не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўначы атакавала Ўкраіну дронамі і ракетамі. У Харкаве загінулі 8 чалавекБелгарадзкі губэрнатар Вячаслаў Гладкоў, у сваю чаргу, паведаміў пра начныя абстрэлы прыгранічных сёл. «Адразу некалькі населеных пунктаў трапілі пад атакі УСУ з дапамогай дронаў. Пацярпелых няма», — напісаў кіраўнік рэгіёну.
У прыгранічным пасёлку Ленінскі ў Шабекінскай гарадзкой акрузе ў выніку скіду выбуховага прыстасаваньня загарэўся дах прыватнага дому, заявіў губэрнатар. Па вёсцы Дронаўка ў Грайваронскай гарадзкой акрузе, паводле Гладкова, УСУ ўдарылі FPV-дронамі, там згарэлі два аўтамабілі і быў пашкоджаны газаправод.
- Днём раней ахвярамі начнога нападу дронаў у Харкаве, паводле зьвестак паліцыі, сталі сем чалавек. Яшчэ адзін чалавек, паводле мэра Харкава, загінуў 6 красавіка ў выніку трапляньня авіяцыйнай бомбы. Паводле заяваў расейскіх вайскоўцаў, яны зьнішчылі ў раёне Харкава дзьве пускавыя ўстаноўкі зэнітнага ракетнага комплексу SAMP-T. Украінскі бок гэта не камэнтаваў.