У пятніцу ў Нью-Ёрку адбыўся невялікі землятрус магнітудай 4,8 з эпіцэнтрам у суседнім штаце Нью-Джэрзі, паведамляе «Голас Амэрыкі» з спасылкай на Геалягічную службу ЗША.
Эўрапейскі міжземнаморскі сэйсмалягічны цэнтар першапачаткова ацаніў землятрус у 5,5 бала шкалы Рыхтэра.
У Брукліне будынкі трэсьліся, бразгалі дзьверцы шафаў, паведамляе карэспандэнт AFP.
У будынку штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пасьля падземных штуршкоў было часова прыпынена пасяджэньне Рады бясьпекі на тэму сытуацыі ў Газе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць пацярпелых пры землятрусе на Тайвані вырасла да 1038, дзевяць чалавек загінулі. У Японіі адбыўся землятрус ля ўзьбярэжжа ФукусімыЖыхары Балтымару, Філядэльфіі, Канэктыкуту і іншых рэгіёнаў Усходняга ўзьбярэжжа ЗША таксама паведамілі, што адчулі падземныя штуршкі.
Губэрнатарка Нью-Ёрку Кэці Хокул напісала ў сацсетцы X, што землятрус адчуваўся па ўсім штаце. «Мая каманда ацэньвае наступствы і магчымую шкоду, і мы будзем інфармаваць грамадзкасьць на працягу дня», — сказала Хокул.
Штуршкі прымусілі ўспомніць землятрус 23 жніўня 2011 году, які пракаціўся ад штату Джорджыя да Канады. Тады магнітуда склала 5,8, і гэта быў наймацнейшы землятрус на Ўсходнім узьбярэжжы з часоў Другой сусьветнай вайны. Эпіцэнтар быў у Вірджыніі. Той землятрус пакінуў расколіны на манумэнце ў гонар Джорджа Вашынгтона ў амэрыканскай сталіцы і прывёў да эвакуацыі Белага дому і Капітолію.