«Калі б ня шпіц, Лукашэнка не падпісаў бы». Што мяняе новы закон пра жывёлаў

Зоаактывістка Ганна Гурына і яе кот

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб адказным абыходжаньні з жывёламі». Асноўныя палажэньні закону набываюць моц 1 студзеня 2025 году, частка — ад 1 студзеня 2026 году.

Ці зробіць гэты закон лепшым жыцьцё жывёлаў і людзей — пра гэта разважае зоаактывістка Ганна Гурына, якая доўгі час займаецца абаронай жывёлаў.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Фрагмэнты гутаркі.

  • Тэма жывёлаў у Беларусі цяпер адышла на задні плян. Усе кажуць: у нас так дрэнна людзям, што якія тут жывёлы. Людзі не разумеюць, што гэта два бакі аднаго мэдаля. Жывёлам ня будзе добра, пакуль будзе дрэнна людзям, і наадварот.
  • Новы закон і яго грамадзкае абмеркаваньне хаця б прыцягнулі ўвагу да гэтай праблемы, што ўжо добра.
  • Абшар маіх інтарэсаў — гэта бяздомныя жывёлы. Пра іх у новым законе нічога няма. Таму цікава, ці будуць новыя нормы іх тычыцца. Напрыклад, калі вы зьдзекуецеся са свайго коціка, які ў вас дома, дык гэта падпадае пад артыкул. А калі вы зьдзекуецеся з коціка, які жыве на вуліцы, гэта пад артыкул не падпадае.
  • Цяпер вялікая праблема зь ператрымкамі. Валянтэры ня могуць трымаць шмат жывёлаў у сябе дома, а дзяржаўных прытулкаў у нас фактычна няма.
  • На вуліцы Гурскага ў Менску не прытулак, бо там няма месцаў. Жывёлы там знаходзяцца пэўную колькасьць дзён, а потым іх забіваюць. Там антысанітарныя ўмовы, бо вялікая колькасьць жывёлаў і мала месца. Жывёлы там хварэюць, заражаюцца адна ад аднае. Калі згубілася вашая жывёлінка і яна трапляе на Гурскага, дык вельмі вялікая імавернасьць, што яна там захварэе, нават калі вы яе там хутка знойдзеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абавязковыя курсы для ўладальнікаў небясьпечных сабак і шэраг забаронаў: што ў законе аб адказным абыходжаньні з жывёламі
  • Нядаўна быў гучны выпадак, калі ўладальнік перарэзаў горла свайму сабаку, і гэта пабачылі на камэрах. Але суд яго апраўдаў, бо гэта было зроблена ўначы, не на вачах іншых людзей.
  • Галоўная праблема, калі мы гаворым пра канфіскацыю жывёлаў у кепскіх уладальнікаў, — куды гэту жывёліну занесьці? Калі дзяржава пабудуе прытулкі, дзе яны змогуць жыць доўгі час, тады добра. Цяпер папросту няма такіх месцаў.
  • Некаторыя пункты новага закону могуць пагражаць прыватным прытулкам — напрыклад, калі людзі наймаюць дом у вёсцы і трымаюць там шмат сабак ці катоў. Сусед паскардзіцца, і санстанцыя абавязкова нешта знойдзе, бо ўласнымі сіламі цяжка падтрымаць усе санітарныя нормы.
  • Нармальны чалавек ня будзе трымаць у кватэры сабаку нейкай небясьпечнай пароды. Вядома ж, да такіх людзей павінны быць жорсткія патрабаваньні. Мы, валянтэры, агулам скептычна ставімся да пародзістых жывёлаў. Пакуль у нас столькі беспрытульных жывёлаў, мы лічым неэтычным купляць «пароду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія «дзяды Мазаі» ратавалі зайца, які праваліўся пад лёд на Сожы
  • Закон прадугледжвае, што можна будзе часова адабраць жывёліну ў гаспадара ў выпадку парушэньняў. Але тут як зь дзецьмі, калі іх забіраюць часова, а потым вяртаюць. Я лічу, што гэта ня вельмі добрая мера. Хіба што яна дапаможа напалохаць гаспадара і прымусіць яго адумацца.
  • Таксама пытаньне, хто будзе гэта адсочваць. У Беларусі няма спэцыяльнай службы, як экапаліцыя ў Польшчы. У нас папросту няма на гэта рэсурсаў і людзей.
  • Калі б у Лукашэнкі не было шпіца, думаю, ён бы не падпісаў гэтага закону. Таму гэты шпіц хутчэй плюс.
  • Паводле новага закону не дапускаецца прыводзіць жывёлаў-кампаньёнаў (за выключэньнем сабак-павадыроў) у мноства месцаў. Гэта трохі выглядае як крывадушнасьць: «Я забараняю гэта ўсім, акрамя мяне». Паглядзім, як ён сам будзе гэта выконваць. Але я думаю, што на яго гэта ня будзе распаўсюджвацца, бо ў нас «не да законаў».

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.