Інфармацыя аб продажы месцаў у чарзе на перасячэньне межаў Беларусі з ЭЗ, якая распаўсюджваецца ў сеціве, прыцягнула ўвагу сілавікоў: органы пракуратуры Берасьцейскай вобласьці заняліся выяўленьнем парушальнікаў разам з падаткавікамі, паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-4».
У выніку праверак выявілі людзей, якія «злоўжываючы дадзенымі ім льготамі пры перасячэньні мяжы, садзейнічалі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» расказаў намесьнік пракурора Берасьця Арцём Ралінскі.
Так, беспрацоўны жыхар Берасьцейскага раёну ў тэматычным тэлеграм-канале прапаноўваў кіроўцам выкупіць ягонае месца ў чарзе на ўезд у пункт пропуску «Берасьце» на беларуска-польскай мяжы за 150 даляраў. Падаткавікі правялі «кантрольную закупку» — у выніку на мужчыну склалі пратакол. Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці па выніках разгляду справы прызнаў мужчыну вінаватым у «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» і прысудзіў яму штраф у 1200 беларускіх рублёў (30 базавых велічыняў). Рашэньне пакуль не набыло законнай сілы і можа быць абскарджанае.
У эфіры «Беларусь-4» адзначылі, што праваахоўнікі працягнуць выяўляць тых, хто прадае месцы ў чарзе на выезд за мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянуй, што ў цябе будзе 12 гадзін вольнага часу». Што адбываецца на мяжы Беларусі з ЭўразьвязамПаводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 8:00 5 красавіка, у чарзе на выезд зь Беларусі стаялі 480 легкавікоў: 180 у Берасьці, 120 — у Каменным Логу, 160 — у Беняконях і 20 — у Грыгораўшчыне.
У сувязі з закрыцьцём з 1 сакавіка яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы зь Літвой іншыя памежныя пераходы з Эўразьвязам сталі яшчэ больш загружанымі. Каб перасячы мяжу, людзі вымушаныя стаяць у чэргах доўгія гадзіны.
Апошнім часам у сеціве зьявіліся прапановы па продажы «месца ў чарзе»: нехта займае чаргу на ўезд у пункт пропуску, а потым прадае сваё месца тым, хто хоча як найхутчэй перасячы мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьніклі рэйсы ў Друскенікі, даражэюць квіткі. Што адбываецца на мяжы Беларусі з Эўразьвязам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плакала». Як беларусы адрэагавалі на закрыцьцё Літвой яшчэ двух пераходаў зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла вываз некаторых аўтамабіляў у Беларусь, кіроўцы на пераходзе ў Тарэспалі гавораць пра каляпс