Фінляндыя працягнула закрыцьцё мяжы з Расеяй на няпэўны тэрмін

Зачыненая мяжа Фінляндыі з Расеяй

Фінляндыя працягнула закрыцьцё мяжы з Расеяй бестэрмінова, да асобнага апавяшчэньня. Пра гэта паведамляе выданьне Yle.

МУС Фінляндыі патлумачыла рашэньне тым, што Расея працягвае накіроўваць да мяжы нелегальных мігрантаў.

Раней закрыцьцё мяжы працягвалася раз на два месяцы. Апошні тэрмін канчаўся ў сярэдзіне красавіка.

У лютым у Фінляндыі прайшлі выбары прэзыдэнта. Пераможцам на іх стаў Аляксандар Стуб. Неўзабаве пасьля абраньня ён заявіў, што Хэльсынкі ня будзе мець палітычных адносінаў з Масквой да завяршэньня вайны Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абраны прэзыдэнт Фінляндыі паабяцаў не кантактаваць з Масквой да канца вайны
  • Наземныя памежныя пераходы на мяжы Расеі і Фінляндыі пачалі зачыняцца па рашэньні фінскіх уладаў у лістападзе мінулага году ў сувязі з наплывам грамадзян трэціх краінаў, галоўным чынам Блізкага Усходу і Афрыкі, якія прыбывалі на памежныя пункты з тэрыторыі Расеі і прасілі ў Фінляндыі палітычнага прытулку.
  • Паводле закону прэтэндэнтаў на прытулак нельга адпраўляць назад, іх неабходна разьмясьціць у Фінляндыі да завяршэньня працэдуры разгляду прашэньня.
  • Праваабаронцы і шэраг жыхароў Фінляндыі, асабліва тыя, хто мае ў Расеі сваякоў, крытыкавалі рашэньне ўладаў, заяўляючы, што яно парушае іх правы. МУС назвала закрыцьцё мяжы часовай і неабходнай мерай.