Хвораму на рак палітзьняволенаму Рыгору Кастусёву зрабілі апэрацыю

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Старшыні зьліквідаванай уладамі партыі БНФ Рыгору Кастусёву, які пакутуе ад анкалягічнага захворваньня, зрабілі апэрацыю, паведаміў у Facebook зяць Кастусёва Дзьмітры Антончык.

«Рыгору Кастусёву зрабілі апэрацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра... і адразу з апэрацыйнага стала адправілі ў камэру,» — паведаміў 4 красавіка у Facebook Дзьмітры Антончык.

  • 66-гадовы Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў няволі з 12 красавіка 2021 году. Пятага верасьня 2022-га Менскі абласны суд (судзьдзя Ўладзімер Арэшка) прысудзіў палітыку 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам») у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Кастусёў віны не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пражыць 6 гадоў выглядае складанай задачай». Рыгор Кастусёў даслаў ліст з-за кратаў
  • У Кастусёва анкалягічнае захворваньне. Паўнавартаснай мэдычнай дапамогі за кратамі ён не атрымлівае. Вядома, што, акрамя анкалёгіі, Рыгора Кастусёва турбуе варыкоз ног.
  • 9 сьнежня 2022 году МУС унесла палітвязьня ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • 14 жніўня 2023 году Вярхоўны суд зьліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасьць прызнаецца на міжнародным узроўні.
  • 15 студзеня 2024 году суд Івацэвіцкага раёну пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрыманьня на турэмны. З горадзенскай турмы ад палітыка даходзяць лісты, а вось званкоў ён пазбаўлены. Умовы ў турме Рыгор Кастусёў называе цяжкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Рыгор Кастусёў паведаміў пра праблемы са здароўем