Француская кампанія Danone канчаткова пакідае беларускі рынак

Прадпрыемства Danone у Падмаскоўі, якое ў Расеі нацыяналізавалі. Ілюстрацыйнае фота

У траўні 2022 году француская кампанія Danone адной з апошніх спыніла рэкляму на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі.

Апошняя даччыная кампанія Danone у Беларусі «ДанонБел» падала на ліквідацыю, інфармацыя пра гэта апублікаваная ў часопісе «Юстыцыя Беларусі». На публікацыю зьвярнула ўвагу выданьне «Plan B».

У аднаго з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў малочных прадуктаў у Беларусі было тры юрыдычныя асобы: «Данон Шклоў», «Данон Пружаны» і «ДанонБел». Першыя дзьве — вытворчыя пляцоўкі, трэцяя — аптовая кампанія, зарэгістраваная ў Менску.

«Данон Пружаны» далучылі ў 2022 годзе да Пружанскага малочнага камбінату, які пасьля ўключылі ў склад Аграпрамысловага холдынгу Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, а «ДанонШклоў» прадалі аднаму зь беларускіх бізнэсоўцаў і ў жніўні 2022 году перайменавалі ў «МілкСтрэйт».

«ДанонБел» быў апошнім прадстаўніцтвам брэнду Danone у Беларусі.

У 2022 годзе Danone заявіў пра выхад з Расеі. Што да беларускай часткі свайго бізнэсу, кампанія ўстрымліваецца ад камэнтароў.

Праз «ДанонБел» у Беларусь пастаўлялі прадукцыю Activia, Danissimo і іншую прадукцыю цягам 16 апошніх гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі Danone падаў у суд на «Савушкін прадукт» за дызайн прадукцыі
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Шэраг замежных кампаній вымушаны былі сысьці зь беларускага рынку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Xerox закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі