У ЗША адбылася крэмацыя цела беларускага хакеіста Канстанціна Кальцова

Канстанцін Кальцоў

Першы трэнэр знакамітага беларускага хакеіста Канстанціна Кальцова Ўладзіслаў Астапенка расказаў ТАСС падрабязнасьці пахаваньня свайго былога вучня. Канстанцін Кальцоў памёр у Маямі 18 сакавіка, яму было 42 гады.

«Яго цела крэміравалі ў Амэрыцы. Прах павінны прывезьці на радзіму. Чакаем пакуль інфармацыі, калі», — сказаў Астапенка.

Канстанцін Кальцоў памёр у Маямі 18 сакавіка. Трагедыя здарылася ў гатэлі, дзе спыніўся беларус. Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Маямі, меркаваная прычына сьмерці — самагубства, «падазрэньняў наконт гвалтоўнага характару сьмерці няма». Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава адзначыла, што гэта можа быць пасьпешлівай высновай, і выказала думку, што гэта быў няшчасны выпадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць беларускага хакеіста Кальцова — меркаванае самагубства, — паліцыя Маямі

Кальцоў памёр празь дзень пасьля звальненьня з уфімскага «Салавата Юлаева», у якім ён працаваў памочнікам трэнэра.

28 студзеня 2003 году Канстанцін Кальцоў дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. Ён стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, перад ім былі Аляксандар Андрыеўскі, Алег Мікульчык, Уладзімер Цыплакоў і Руслан Салей.

За акіянам ён выступаў за аўтарытэтны клюб «Пітсбург Пінгвінз» разам з такімі легендамі хакею, як Марыё Лем’ё, Марцін Страка, Аляксей Кавалёў, Рэндзі Робітайл і Сідні Кросбі. Агулам за «пінгвінаў» Кальцоў будзе гуляць у 2002–2004 і 2005–2006, правядзе за іх 144 гульні, адзначыцца 12 шайбамі і 26 перадачамі.

Затым у Кальцова ў кар’еры будуць расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завершыць карʼеру ён у 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам у тым жа менскім «Дынама», «Берасьці», маладачанскім «Дынама», і ў расейскіх «Спартаку» (Масква) і «Салавату Юлаеву» (Уфа).

18 сакавіка стала вядома, што беларус пакіне Ўфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кальцову прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне пра сьмерць Кальцова ў Маямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае». Сабаленка ўпершыню выказалася пра гібель Кальцова

Кальцоў сустракаўся са знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне. Пасьля сьмерці хакеіста Арына Сабаленка заявіла, што яны ўжо «больш не былі разам»: «Сьмерць Косьці — неймаверная трагедыя. І, хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае», — пракамэнтавала тэнісістка ў сацсетках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстанціна Кальцова пахаваюць у Менску