Супрацоўнікі арганізацыі перамяшчаліся па сэктары Газы на двух браняваных аўтамабілях зь лягатыпам WCK і яшчэ адным транспартным сродку, гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Нягледзячы на каардынацыю дзеяньняў з ізраільскімі вайскоўцамі, канвой быў абстраляны пры выезьдзе са складу ў горадзе Дэйр-эль-Балах пасьля разгрузкі больш за 100 тон гуманітарнай харчовай дапамогі, дастаўленай у Газу морам, паведамляе WCK.
Загінулі трое брытанцаў, палестынец, грамадзянін ЗША і Канады з двайным грамадзянствам, паляк і аўстраліец. Улады Брытаніі, Польшчы, Аўстраліі, Канады і ЗША асудзілі напад і запатрабавалі ад Ізраіля правесьці расьследаваньне.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу прызнаў, што ізраільскія войскі нанесьлі «ненаўмысны ўдар» па «нявінных людзях» і паабяцаў зрабіць усё, каб такога не паўтарылася.
Прэзыдэнт Ізраілю Іцхак Герцаг прынёс прабачэньні за авіяўдар у сэктары Газы, у выніку якога загінулі супрацоўнікі WCK. Ён зьвязаўся з Хасэ Андрэсам, каб выказаць «глыбокі смутак і шчырыя прабачэньні ў сувязі з трагічнай гібельлю людзей», гаворыцца ў заяве офіса прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць чалавек загінулі падчас дастаўкі дапамогі ў ГазуНачальнік штаба ЦАХАЛ Герцы Халеві таксама прынёс прабачэньні за ўдар Ізраілю па калёне з гуманітарнай дапамогай у сэктары Газы, дадаўшы, што гэта стала вынікам «няправільнай ідэнтыфікацыі», якая расьсьледуецца.
ЗША заклікалі Ізраіль да неадкладнага расьсьледавання здарэньня. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што праводзяць праверку магчымай гібелі работнікаў World Central Kitchen.
З пачатку баявых дзеяньняў ізраільскага войска ў сэктары Газы World Central Kitchen разьмеркавала ў рэгіёне больш за 32 мільёны порцый ежы.
- З восені летась ізраільскае войска праводзіць у сэктары Газы баявую апэрацыю ў адказ на напад групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады загінулі каля 1400 чалавек, больш за 250 чалавек былі вывезены ў Газу. Частку зь іх вызвалілі ў абмен на палестынскіх зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў турмах Ізраіля. Па апошніх дадзеных, у сэктары могуць утрымлівацца больш за 130 чалавек, але колькі з іх жывыя, невядома.
- ААН неаднаразова зьвяртала ўвагу на гуманітарныя праблемы, зьвязаныя зь нястачай харчаваньня ў Газе. Ізраільскі бок пры гэтым раней заявіў, што блізкаўсходнія структуры арганізацыі супрацоўнічаюць з ХАМАС і адмаўляюцца ўзаемадзейнічаць у пытаньнях урэгуляваньня канфлікту.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.