Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Фрагмэнты гутаркі.
- «Архіпэляг БЕЛАГ» — пераробленая мэтафара, зразумелая фактычна кожнаму. Дзякуючы твору расейскага палітвязьня і дысыдэнта Аляксандра Салжаніцына ў сьвеце даведаліся пра маштаб масавых рэпрэсій у Савецкім Саюзе. І ня толькі ў сьвеце, але і ў самім СССР ня ўсе ведалі пра тое, што адбываецца.
- Архіпэляг — гэта група астравоў, якія знаходзяцца на невялікай адлегласьці адзін ад аднаго. За савецкім часам ГУЛАГ – гэта было галоўнае ўпраўленьне лягераў, сетка лягераў па ўсім СССР. У Беларусі, калі глянуць на мапу, то гэта будуць 17 папраўчых калёній, тры турмы, сьледчыя ізалятары, ізалятары часовага ўтрыманьня практычна ў кожным горадзе, аддзелы ГУБАЗіКаў, КДБ, сьледчых камітэтаў, установы адкрытага тыпу, так званыя «хіміі», а таксама кватэры і дамы людзей, асуджаных на «хатнія хіміі». І яны ўсе зьліваюцца ў Архіпэляг БЕЛАГ, створаны Лукашэнкам і ягоным сілавым апаратам.
- У гісторыі застанецца Салжаніцын, які напісаў «Архіпэляг ГУЛАГ», а ня аўтар кнігі «200 гадоў разам» з антысэміцкім пасылам, ня аўтар, які ў канцы жыцьця хваліў Пуціна. Застанецца аўтар, які данёс да сьвету тысячы галасоў ахвяраў рэпрэсій, які сыстэмна апісаў карную сыстэму. Падобную задачу — сыстэмна апісаць рэпрэсіі ў Беларусі — ставіла і я.
- Францішак Аляхновіч, які значна раней за Салжаніцына апісаў савецкія лягеры, — гэта таксама падмурак, на які мы абапіраемся. У Свабоды ёсьць прэмія турэмнай літаратуры імя Аляхновіча, і сёлетні яе ляўрэат — былы палітвязень Алег Грузьдзіловіч — адзін з герояў падкаст-сэрыялу.
- Мы паспрабавалі прайсьці разам з героямі падкасту ўвесь шлях — ад затрыманьня, нават ад жыцьця на свабодзе, калі ты ведаеш, што затрымаць могуць калі заўгодна, да допытаў, сутак на Акрэсьціна, СІЗА, суду, хатняга арышту, «хатняй хіміі» і «хіміі» з накіраваньнем, этапаў, калёніі, турмы і вызваленьня, пасьля якога рэальнай свабоды няма.
- Ад самага пачатку героі падкасту даюць парады — што рабіць, калі прымушаюць пісаць «пакаяннае відэа», што можа быць у «трывожным чамаданчыку» на выпадак арышту, чаму важна ведаць на памяць нумары тэлефонаў блізкіх людзей, як родным падрыхтаваць вязьня да этапу, як лепей кантактаваць з адміністрацыяй у калёніі, ці варта зьяжджаць...
- Я запісала для падкасту каля 40 чалавек. Пераважна гэта палітычныя зьняволеныя, якія прайшлі розныя колы пекла, пра якія яны расказваюць. Гэта праваабаронцы, якім мы паставілі ў тым ліку задачу — даць парады, як прайсьці БЕЛАГ па магчымасьці зь меншымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя. І гэта былыя сілавікі з ByPol і BelPol, якія былі ў сыстэме і ведаюць, як яна працуе.
- Ня ўсе былыя палітвязьні могуць адкрыта гаварыць. Найцяжэй было знайсьці тых, хто сядзеў у турмах. Бо, акрамя чатырох чалавек, яны ўсе яшчэ за кратамі. І выехаў толькі Аляксандар Кабанаў. На жаль, няма ўжо Алега Алкаева, былога начальніка СІЗА на «Валадарцы», у мінулым начальніка калёніі ў Навасадах. Пакуль няма былога сілавіка такога ўзроўню, гатовага гаварыць.
- У сьвеце мала ведаюць пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі, а ўлады імкнуцца зрабіць рэпрэсіі нябачнымі, салідарнасьць немагчымай, злачынствы схаванымі, галасы палітвязьняў фальшывымі ці нячутнымі. Тэма палітвязьняў была прыярытэтнай для журналістаў Радыё Свабода ўсе гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым ня зможа нармалізаваць рэпрэсіі, бо расказанае, запісанае, візуалізаванае застанецца.
- У падкасьце ўдзельнічае нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Яна цяпер піша кнігу пра тое, што адбываецца зь беларусамі пасьля мірнай рэвалюцыі, і якраз спрабуе глыбока залезьці ў душы як ахвярам, так і катам. Гэта тое, што дасьледчыца «чырвонага чалавека» цяпер робіць штодня. І таму яна адразу пагадзілася. Адзінае, яна казала заўсёды, што ёй вельмі ня хочацца даваць парады, бо сама яна не перанесла ўсяго таго, што зазналі людзі за кратамі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.