У Польшчы на беларускага трэнэра Хацкевіча напалі фанаты клюбу, дзе ён працуе

Аляксандар Хацкевіч. Архіўнае фота

Перад польскай камандай Аляксандар Хацкевіч трэнаваў кіеўскае «Дынама».

На беларускага трэнэра Аляксандра Хацкевіча напалі ў часе трэніроўкі футбольнай каманды Zagłębia Sosnowiec. Хацкевіч зьяўляецца галоўным трэнэрам гэтай каманды.

Як паведаміў польскі спартовы партал Meczyki.pl, Хацкевічу нанесьлі ўдар у твар і яшчэ некалькі ўдараў нагамі.

Свой апошні матч гэтая каманда прайграла зь лікам 0:4, а ў турнірнай табліцы займае апошняе месца. Польскае выданьне таксама паведаміла, што кіраўніцтва клюбу разглядае замену галоўнага трэнэра, тады Аляксандар Хацкевіч будзе вымушаны пакінуць клюб.

«Трэніроўка праходзіла ў нармальнай атмасфэры, але ў нейкі момант зьявілася група людзей, якія захацелі агрэсіўна атакаваць трэнэрскі штаб і футбалістаў. Мае гульцы паказалі адзінства. Я сам вырас на вуліцы і ведаю, як паводзіць сябе ў такіх сытуацыях, умею ўхіляцца і адбівацца. Мы не адчувалі сябе ў бясьпецы. Праблема ў тым, што клюб не гарантаваў бясьпеку ў часе трэніроўкі. Так быць не павінна», — працытаваў словы Аляксандра Хацкевіча польскі журналіст Пётар Шлёнка ў сваім тэлеграм-канале.

Хто такі Хацкевіч

Аляксандар Хацкевіч нарадзіўся 19 кастрычніка 1973 году ў Менску. Футбольную кар’еру пачынаў у менскім «Дынама», адкуль у 1996 годзе перайшоў у кіеўскае «Дынама», у якім гуляў да 2004 году, заваяваўшы ў складзе клюбу шмат трафэяў: сем разоў станавіўся чэмпіёнам Украіны і чатыры разы — уладальнікам Кубка Ўкраіны. Затым нядоўгі час выступаў за кітайскі «Цяньцзінь Тэда» і латвійскі клюб «Вента». Завяршаў карʼеру ў родным менскім «Дынама».

Трэнэрскую карʼеру пачаў у 2007 годзе ў якасьці трэнэра «Дынама» (Менск), потым узначальваў юнацкую зборную Беларусі U-18 і ФК «Віцебск». З 1 лютага 2010-га да красавіка 2011 года працаваў асыстэнтам галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Украіны.

У сьнежні 2010-га ўзначаліў моладзевую каманду кіеўскага «Дынама», а ўлетку 2013-га — «Дынама-2». 4 сьнежня 2014 году быў прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі, якую ўзначальваў да 6 сьнежня 2016 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Балюча і трывожна, у людзей няма ніякіх правоў». Вядомы футбаліст і трэнэр Хацкевіч пра беларускія пратэсты