На Тайвані раніцай 3 красавіка адбыўся наймацнейшы за 25 гадоў землятрус — магнітудай 7,2. Вядома як мінімум пра чатырох загінулых і дзясяткі параненых. Штуршкі адчуваліся на японскіх астравах Акінава і Міяка, паведамляе Reuters.
Эпіцэнтар землятрусаў знаходзіўся ў раёне горада Хуалянь на ўсходзе вострава, на глыбіні 15,5 кілямэтра. Мэтэаралягічная служба Тайваню ацаніла магнітуды двух землятрусаў, якія адбыліся, у 7,2 і 6,5. Японскае мэтэаралягічнае агенцтва наймацнейшы землятрус ацаніла ў 7,5, а потым падняло сваю адзнаку да 7,7.
Штуршкі адчуваліся па ўсёй высьпе. Сама меней 26 будынкаў абрынуліся, больш за палову зь іх — у Хуаляне. Тэлеканал TVBS апублікаваў кадры, на якіх відаць пашкоджаныя шматпавярховікі. Пажарныя службы паведамляюць, што пад заваламі могуць быць людзі. Электрычны апэратар Тайваню Taipower паведаміў, што без электрычнасьці засталіся 87 тысяч дамоў.
У некалькіх тайваньскіх рэгіёнах адбыліся апоўзьні. Reuters са спасылкай на папярэднія зьвесткі пажарнай службы паведамляе пра сама меней чатырох загінулых і 50 пацярпелых.
Пасьля землятрусу на Тайвані японскія ўлады выпусьцілі папярэджаньне аб цунамі для разьмешчаных паблізу эпіцэнтру штуршкоў паўднёва-заходніх астравоў краіны. Празь дзьве гадзіны пасьля землятрусу Ціхаакіянскі цэнтар папярэджаньня аб цунамі абвясьціў, што пагроза мінула.
Філіпінскае сэйсмалягічнае агенцтва таксама выпусьціла папярэджаньне для жыхароў прыбярэжных раёнаў некалькіх правінцый, заклікаючы іх эвакуавацца на ўзвышшы.
Кітайскія дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што землятрус адчуваўся ў кітайскай правінцыі Фуцзянь, а сьведка Reuters паведаміў, што землятрус таксама адчуваўся ў Шанхаі.
Афіцыйнае цэнтральнае інфармацыйнае агенцтва Тайваню паведаміла, што землятрус стаў самым моцным на востраве з 1999 году, калі падземны штуршок магнітудай 7,6 забраў жыцьці каля 2,4 тысячы чалавек і разбурыў або пашкодзіў 50 тысяч будынкаў.