Зьявіўся сайт-каталёг беларускага Ютубу

Ілюстрацыйнае фота

Запрацаваў сайт-каталёг brama.online, у якім сабраныя беларускія відэа і YouTube-каналы, створаныя ў Беларусі ці беларусамі за мяжой. Сайт разьбіты па тэматычных катэгорыях.

Пра запуск праекту паведаміў у Фэйсбуку ягоны стваральнік Вячаслаў Радзівонаў.

«Ідэя зьявілася даўно падчас размовы ў адным з чацікаў. Нехта сказаў, што на YouTube мала беларускага кантэнту. Я вырашыў аспрэчыць», — паведаміў аўтар.

Паводле Вячаслава Радзівонава, відэа, створаных беларусамі ці па-беларуску, вельмі шмат, але праз асаблівасьці альгарытмаў YouTube яны часта не трапляюць у стужку і можна проста іх не пабачыць. Цяпер жа дзякуючы праекту brama.online можна лёгка знайсьці беларускія відэа на розную тэматыку — ад гісторыі і блогераў да тэхналёгіяў і эканомікі.

Усе каналы ў каталёгу разьбітыя па катэгорыях, а каналы, якія маюць кантэнт на розную тэматыку, разьбітыя на асобныя праграмы. Зьвесткі абнаўляюцца аўтаматычна ў рэжыме рэальнага часу.

На сайце таксама паказваюцца беларускія відэа ў трэндзе, новыя відэа і тыя, што цяпер набіраюць папулярнасьць. Акрамя таго, кожны можа дадаць любы беларускі YouTube-канал, калі яго яшчэ няма ў базе.

Пакуль праект на стадыі бэта-тэставаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: глядзім YouTube