Служба замежнай выведкі Расеі і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі правялі ў Маскве чарговае пасяджэньне супольнай калегіі для вызначэньня прыярытэтаў двухбаковага ўзаемадзеяньня на бліжэйшую пэрспэктыву.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні па выніках пасяджэньня, «на расейскія і беларускія спэцслужбы ўскладаецца павышаная адказнасьць за своечасовае раскрыцьцё варожых плянаў Захаду ў адносінах да дзьвюх краін, за абарону і ўмацаваньне абароннага, прамысловага і тэхналягічнага патэнцыялу саюзнай дзяржавы ў цэлым».
На двухбаковай сустрэчы кіраўнікі ведамстваў Сяргей Нарышкін і Іван Тэртэль заявілі аб «актывізацыі падрыўной дзейнасьці заходніх спэцслужбаў датычна саюзнай дзяржавы», а таксама аб павелічэньні «агрэсіўнасьці і намаганьняў ЗША і іхных хаўрусьнікаў перашкодзіць станаўленьню шматпалярнага сьветапарадку».
У такіх умовах, як адзначаецца ў паведамленьні, неабходна і далей падтрымліваць цесную супрацу для супольнага супрацьдзеяньня агульным выклікам і пагрозам Расеі і Беларусі.
«Адной з галоўных задач выведкі зьяўляецца выкрыцьцё і спыненьне падрыўных акцый, якія арганізуюць за межамі, у тым ліку з выкарыстаньнем замежнымі спэцслужбамі несыстэмнай апазыцыі, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай абстаноўкі на тэрыторыі Расеі і Беларусі, нанясеньне шкоды эканоміцы і абароне, жыцьцю і здароўю грамадзян абедзьвюх краін. Для яе вырашэньня неабходна ўдасканальваць міжведамаснае ўзаемадзеяньне, творча выкарыстаць назапашаны апэратыўны досьвед і сучасныя выведныя інавацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АНТ паказала сюжэт пра нібыта дзейнасьць у Беларусі агентаў украінскіх спэцслужбаў. Паказалі беларуса, якога вінавацяць у выбуху на БАМе