Суд Браслаўскага раёну разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да чатырох чалавек, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі незаконнай міграцыі (ч.2 арт.371-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду.
Паводле матэрыялаў суду, абвінавачаныя, «дзейнічаючы групай асобаў па папярэдняй змове, з карысьлівых памкненьняў, наўмысна», у пэрыяд з 12 па 13 красавіка 2023 году садзейнічалі незаконнаму выезду зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу 12 іншаземцаў.
Трое фігурантаў прызналі сваю віну ў судзе, яшчэ адзін не прызнаў.
Суд прызнаў усіх чацьвярых вінаватымі ў арганізацыі незаконнай міграцыі і прызначыў ім пакараньне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму. Таксама кожны зь іх павінен заплаціць штраф у 4000 рублёў (100 базавых велічыняў).
У даход дзяржавы як «сродкі злачынства» канфіскавалі дзьве машыны, пляншэт, мабільныя тэлефоны абвінавачаных, а таксама 200 даляраў, якія канфіскавалі ў аднаго зь іх.
Абвінавачаныя не пагадзіліся з выракам і падалі апэляцыю, але судовая калегія пакінула яе без задавальненьня.
Прысуд набыў законную моц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актыўнасьць мігрантаў на межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй у сакавіку 2024-га вышэйшая, чым у леташнім