Затрыманьні ў Горадні
Праўладныя крыніцы паведамляюць пра затрыманьні дзьвюх дзяўчат 22 і 23 гадоў, піша «Вясна». Паведамляецца, што 1 красавіка яны нібыта вырашылі падпаліць чырвона-зялёны сьцяг, які зьяўляецца афіцыйным у Беларусі.
Сілавікі паведамляюць, што дзяўчаты ўзялі швабру, абматалі яе папяровым ручніком, падпалілі яго і такім чынам дацягнуліся да сьцяга на адміністрацыйным будынку. Супраць іх завялі крымінальную справу за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
74‑гадовага пэнсіянэра абвінавачваюць па 4 артыкулах за «абразьлівыя» камэнтары
74-гадовага жыхара Хойнікаў абвінавачваюць па 4 артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Як сьцьвярджае прэс-служба Сьледчага камітэту, з кастрычніка 2020 па люты 2022 году ён пакінуў больш за 1500 «абразьлівых» камэнтароў пад пастамі ў тэлеграме. Паводле ведамства, пэнсіянэр камэнтаваў фатаздымкі прадстаўнікоў улады ў тэлеграм-канале «экстрэмісцкага фармаваньня».
Сьледзтва нібыта ўстанавіла 148 фактаў «злачыннай дзейнасьці» пэнсіянэра. На яго завялі крымінальныя справы па артыкулах аб паклёпе (артыкул 188 КК), публічнай абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК), абразе судзьдзі або народнага засядацеля (артыкул 391 КК) і незаконным захоўваньні боепрыпасаў (частка 2 артыкула 295 КК).
Мужчыну ўзялі пад варту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 красавіка: асудзілі прадпрымальніка з Горадні і мэдсястру зь МенскуСК распачаў «спэцвядзеньне» ў дачыненьні да двух гарадзенцаў
Сьледчы камітэт Беларусі пачаў «спэцыяльнае вядзеньне» супраць Паўла Міцкевіча і Дзяніса Чашчэвіка, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал ведамства.
Іх абвінавачваюць у садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі). З чым канкрэтна зьвязаная справа, невядома.
Павал Міцкевіч — актывіст беларускай дыяспары ў Польшчы, кіраўнік фонду Okno na Wschód, які дапамагае іншаземцам. Дзяніс Чашчавік — беларускі актывіст у Беластоку.
У ліпені 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які ўвёў у Беларусі інстытут спэцыяльнага вядзеньня — ён дазваляе праводзіць суды завочна, нават пры адсутнасьці абвінавачанага.
Жлобінскі прадпрымальнік ня выйшаў на волю пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту
19 сакавіка Дзьмітрыя Панамарова прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У судзе Жлобінскага раёну судзьдзя Яўген Ерафееў прызначыў яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасьля 10 дзён арышту Дзьмітры на волю ня выйшаў, паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў «Гомельская вясна».
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу
Гаворка пра кнігу «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора. Адпаведнае рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску 28 сакавіка, паведамляе «Вясна».
У 2021 годзе Мінкульт загадаў канфіскаваць гэтую кнігу зь бібліятэк. Тады ведамства аргумэнтавала гэта тым, што ў ёй «утрымліваецца недакладная інфармацыя, якая зьмяшчае элемэнты прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 сакавіка: судзяць супрацоўніка Горадзенскага шклозаводу