Авіякампанія Southwind Airlines скасавала палётную праграму Менск — Стамбул з 1 красавіка. Пра гэта праінфармавала сваіх партнэраў-турагентаў кампанія Pegas Touristik Belarus, піша Рэспубліканскі саюз турапэратараў (РСТА).
«Інфармуем аб скасаваньні палётнай праграмы Менск — Стамбул з 1 красавіка авіякампаніі „Паўднёвы Вецер“. Усе зарэзэрваваныя заяўкі з вылетам 30 сакавіка і далей будуць ануляваныя», — паведаміў апэратар.
Як заявілі ў Pegas Touristik, усіх турыстаў вывезуць, арганізацыйныя пытаньні ў цяперашні час вырашаюцца. Частка турыстаў пакінула Стамбул, частку яшчэ вывозяць. Усім турыстам забясьпечылі пражываньне і харчаваньне. Вываз турыстаў ажыцьцяўляецца рознымі авіякампаніямі, у тым ліку «Белавія», AZUR air, «Аэрафлёт» і іншымі.
Авіякампаніі Southwind Airlines забаранілі лятаць над ЭЗ. Ад гэтага самалёт, што днём 30 сакавіка вылецеў зь Менску ў Стамбул, зьмяніў траекторыю палёту.
За авіякампаніяй Southwind Airlines стаіць уладальнік расейскага турапэратара Pegas Touristik — Рамазан Акпынар, а сам флёт авіякампаніі першапачаткова складаўся з самалётаў расейскай авіякампаніі Nordwind Airlines.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз забараніў палёты авіякампаніі, якая наладзіла хуткасныя рэйсы зь Беларусі. Суботні палёт зь Менску скасаваны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя перамагла партыю Эрдагана ў найбуйнейшых гарадах Турэччыны