Аднакурсьніца Пуціна стала адзінай кандыдаткай на пасаду старшыні Вярхоўнага суду Расеі

Вярхоўны суд Расеі. Архіўнае фота

Вышэйшая кваліфікацыйная калегія судзьдзяў у панядзелак аднагалосна рэкамэндавала Ірыну Падносаву на пасаду старшыні Вярхоўнага суду Расеі.

Пра гэта раніцай 1 красавіка паведамілі расейскія СМІ.

Пасада кіраўніка Вярхоўнага суду — вышэйшая ў судовай герархіі Расеі — стала вакантнай пасьля сьмерці 23 лютага ранейшага старшыні суду Вячаслава Лебедзева. Ён узначальваў суд больш за 30 гадоў, стаўшы старшынём яшчэ ў часы СССР.

Ірына Падносава ў 1975 годзе скончыла юрыдычны факультэт Ленінградзкага ўнівэрсытэту. У тым жа годзе той жа факультэт скончыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Ірына Падносава. Архіўнае фота

Цяпер Пуцін павінен унесьці кандыдатуру Падносавай у Савет Фэдэрацыі, а той — зацьвердзіць яе.

  • У 2020 годзе Ірына Падносава ўзначаліла калегію Вярхоўнага суду ў эканамічных спрэчках. Гэта найвышэйшая інстанцыя ў вэртыкалі расейскіх арбітражных судоў.
  • З 2018 году Падносава ўзначальвала Другі апэляцыйны суд. Раней яна кіравала Ленінградзкім абласным судом. У арбітражных судах яна раней не працавала. Як пісаў «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцы, у судовай сыстэме Падносава лічыцца вельмі ўплывовым чалавекам, «паколькі ўсе разумеюць, хто за ёй стаіць».
  • Як піша «Коммерсантъ», прадстаўляючы Падносаву ў панядзелак, старшыня Рады судзьдзяў Віктар Моматаў адзначыў, што яна шмат гадоў прапрацавала судзьдзёй, у яе бліскучая адукацыя і вялікі досьвед арганізацыйнай працы, яна не баіцца адстойваць сваю пазыцыю і заставацца ў меншасьці. Аб канкрэтных прыкладах апошняга ён не сказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага: за паўтара года вайны на ўтрыманьне «яхты Пуціна» выдаткавалі каля $32 млн
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пабудаваў для сябе і радні новае „царскае сяло“». У сваякоў Пуціна знайшлі нерухомасьць у Нова-Агарове