На выбарах у найбуйнейшых гарадах Турэччыны наперадзе кандыдаты ад апазыцыі Эрдагану

Мэр Стамбулу Экрэм Імамаглу, якога лічаць магчымым будучым кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у Турэччыне

На выбарах мэра Стамбулу — найбуйнейшага гораду Турэччыны — пасьля частковых падлікаў наперадзе дзейны мэр Экрэм Імамаглу, які прадстаўляе апазыцыю прэзыдэнту Рэджэпу Эрдагану.

Як паведамляюць турэцкія мэдыі, пасьля падліку больш чым 60% галасоў Імамаглу набірае каля 50%, а яго супернік Мурат Курым, прадстаўнік урадавай партыі — толькі каля 41%.

Прадстаўнік апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі Мансур Яваш — дзейны мэр Анкары — ужо абвясьціў пра сваю перамогу ў барацьбе за пераабраньне кіраўніком сталіцы Турэччыны, паведамляе агенцтва Reuters.

Муніцыпальныя выбары, якія прайшлі ў Турэччыне ў нядзелю, 31 сакавіка, шмат хто з камэнтатараў называў спробай сілаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2028 году. Менавіта мэр Стамбулу разглядаецца як патэнцыйны кандыдат ад апазыцыйных сіл. Эрдаган, сам у мінулым мэр Стамбулу, актыўна ўдзельнічаў у кампаніі ў горадзе на карысьць праўрадавага кандыдата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган заявіў, што Турэччына гатовая прыняць у сябе расейска-ўкраінскі саміт. Зяленскі адказаў

Дзяржаўнае агенцтва навінаў Анадалу апублікавала вынікі галасаваньня пасьля частковага падліку галасоў, якія паказваюць што Рэспубліканская народная партыя наперадзе і ў такіх вялікіх гарадах як Ізьмір, Бурса, Анталія і Анада. Агулам па краіне гэтая партыя пакуль мае каля 39%, і ўпершыню за доўгі час абыходзіць прыхільнікаў Эрдагана.

Эрдаган знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта з 2014 году, а раней адыгрываў ключавую ролю ў палітыцы Турэччыны як прэм’ер-міністар.