У апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі тэксьце ўказу Лукашэнкі вызначаныя дадатковыя абмежаваньні.
У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка забараніў фізычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам выядзяляць і выкарыстоўваць бязвыплатную дапамогу на «ажыцьцяўленьне тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці, іншых дзеяньняў, забароненых дзяржавай, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам».
Апроч таго, спонсарскую дапамогу забаранілі выкарыстоўваць у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў, рэфэрэндумаў, а таксама адкліканьні дэпутатаў Палаты прадастўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі.
Апроч таго, спонсарскія грошы нельга выкарыстоўваць на арганізацыю масавых мерапрыемстваў, страйкаў і друк агітацыйных матэрыялаў.
У той жа час указ прадугледжвае магчымасьць выключэньняў у гэтых абмежаваньнях, якія будзе рэгуляваць Аляксандар Лукашэнка ці «іншыя заканадаўчыя акты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьмяніў парадак аказаньня і выкарыстаньня спонсарскай дапамогіАляксандар Лукашэнка 27 сакавіка падпісаў указ № 112, якім скарэктаваў парадак аказаньня і выкарыстаньня бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі. Ранейшы парадак быў вызначаны ўказам Лукашэнкі ад 1 ліпеня 2005 году.
Цяпер уведзеныя дадатковыя абмежаваньні на аказаньне спонсарскай дапамогі. Яе ня могуць аказваць арганізацыі з доляй дзяржаўнай уласнасьці 50 і больш адсоткаў пры наяўнасьці ў іх пратэрмінаванай запазычанасьці ў плацяжах у бюджэт, выплаце заробкаў і дапамог, а таксама пры невыкананьні ўмоваў аказаньня дзяржаўнай падтрымкі.
Таксама нельга аказваць спонсарскую дапамогу ў замежнай валюце, за выключэньнем выпадкаў, калі яна накіроўваецца арганізацыям аховы здароўя для набыцьця імі за мяжой мэдычных вырабаў і лекавых сродкаў, грамадзянам для атрыманьня мэдычнай дапамогі за межамі краіны, а таксама фізычным асобам, якія прадстаўляюць Беларусь на міжнародных мерапрыемствах.
Разам з тым указ дае магчымасьць аказаньня спонсарскай дапамогі ў выглядзе электронных грошай і токенаў, выкарыстаньня яе на кампэнсацыю выдаткаў, зьвязаных з утрыманьнем вытворчых будынкаў, збудаваньняў, добраўпарадкаваньнем населеных пунктаў, а асобным рэлігійным, дабрачынным, спартыўным арганізацыям і грамадзкім аб’яднаньням — на аплату працы і іншых гаспадарчых выдаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачынаецца агітацыя да адзінага дня галасаваньня, умовы для яе сталі горшымі