У Віцебскай вобласьці супрацоўнікі ГУБАЗіК і «Алмазу» затрымалі 19 чалавек. Іх падазраюць у браканьерстве, незаконным абарачэньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, паведаміла 28 сакавіка МУС Беларусі.
Па вэрсіі МУС, затрыманыя займаліся незаконным паляваньнем з выкарыстаньнем верталёта ў Віцебскай вобласьці, падчас якой яны забілі чырвонакніжнага бурага мядзьведзя. Пры вобшуках па месцы жыхарства затрыманых, паводле МУС, нібыта «канфіскавалі рэчавыя доказы, агнястрэльную зброю, боепрыпасы, спэцыяльныя прыстасаваньні і аўтатранспарт», якімі яны карысталіся.
На затрыманых завялі крымінальную справу за «незаконнае паляваньне з выкарыстаньнем паветранага транспартнага сродку, якое прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры».
Таксама затрыманых правяраюць на дачыненьне да іншых злачынстваў, «праводзяцца далейшыя апэратыўныя і сьледчыя дзеяньні», паведамілі ў МУС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі плянуюць панізіць прыродаахоўны статус зубра, рысі, мядзьведзя. Шуневіч раней ініцыяваў дазвол паляваньня на іх