Двух жыхароў Менску асудзілі за нумарныя рамкі з Пагоняй на аўтамабілях

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Міліцыя затрымала двух жыхароў Менску, на аўтамабілях якіх былі ўсталяваныя рамкі для нумароў з выявай герба «Пагоня». Абодва выпадкі разглядалі ў судзе Ленінскага раёну ў канцы лютага – пачатку сакавіка. Пра іх стала вядома пасьля публікацыі пастановаў суду, заўважыла «Люстэрка».

5 сакавіка затрымалі ўраджэнца Берасьцейскай вобласьці, які працуе наладчыкам абсталяваньня ў адной са сталічных кампаній. Ягоны аўтамабіль зь гербам «Пагоня» на нумарных рамках заўважыў на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну Менску міліцыянт Дэпартамэнту аховы. Ён вырашыў затрымаць мужчыну, бо «цяпер указаны сымбаль выкарыстоўваецца пэўнай групай грамадзян як сымбаль, які ідэнтыфікуе і прапагандуе грамадзка-палітычныя інтарэсы пратэставай накіраванасьці», гаворыцца ў матэрыялах справы.

Мужчына правёў ноч у ІЧУ, суд на ім прайшоў на наступны дзень. На судзе мужчына не прызнаў віны. Ён сказаў, што купіў аўтамабіль год таму з такімі рамкамі і тады нават спытаў у прадаўца, ці ня будзе праблем праз Пагоню, той адказаў, што «не павінна быць», таму ён іх не мяняў. Мужчына настойваў, што не выказваў рамкамі з Пагоняй ніякіх «грамадзка-палітычных інтарэсаў».

Суд, аднак, палічыў, што гэта, наадварот, пацьвярджае яго віну, бо ён, купляючы аўта, зьвярнуў увагу на сымбаль «Пагоня» і разумеў яго значэньне, але не пазбавіўся рамак. У выніку гэта прызналі «пікетаваньнем без дазволу гарвыканкаму» (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Мужчыну судзілі 13 дзён адміністрацыйнага арышту.

Аналягічны выпадак адбыўся ў Ленінскім раёне Менску 21 лютага. Каля 15:30 міліцыянт заўважыў на адной з вуліц аўтамабіль з Пагоняй на нумарных рамках. Кіроўцу затрымалі, праз два дні адбыўся суд.

Мужчына, работнік прыватнай кампаніі, прызнаў наяўнасьць рамак, але сьцьвярджаў, што купіў іх некалькі гадоў таму і ўжо даўно забыўся, што на іх ёсьць сымбаль Пагоні. Ён запэўніваў, што, перасоўваючыся на сваім аўтамабілі з такімі рамкамі, не перасьледаваў ніякіх палітычных мэтаў.

Суд не паверыў менчуку: яго прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаваньні і прысудзілі 11 дзён адміністрацыйнага арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 сакавіка: за камэнтары пра тэракт у «Крокус Холе» ў Беларусі затрымалі яшчэ некалькі чалавек