Эўразьвяз вырашыў не перадаваць Украіне 5 мільярдаў эўра даходаў, атрыманых ад інвэставаньня замарожаных расейскіх актываў у 2022-2023 гадах. Грошы застануцца ў брусэльскага дэпазытарыя каштоўных папер Euroclear у якасьці страхоўкі ад судовых пазоваў з боку Масквы, паведамляе Politico.
У неапублікаваным, але атрыманым часопісам унутраным дакумэнце Эўразьвязу сказана, што бэльгійская кампанія фінансавых паслуг Euroclear, якая кіруе большай часткай замарожаных сродкаў РФ, атрымала дазвол утрымаць частку даходаў ад інвэставаньня замарожаных расейскіх актываў. Сродкі будуць выкарыстаныя для пакрыцьця «выдаткаў, рызык і стратаў, панесеных цэнтральнымі дэпазытарыямі каштоўных папер... з прычыны вайны ва Ўкраіне».
Супраць гэтай ідэі выступае ўкраінскі ўрад, піша Politico.
Паводле плянаў ЭЗ, на дапамогу Ўкраіне павінны пераводзіць даходы ад інвэстыцый замарожаных сродкаў расейскага Цэнтрабанку за вылікам падаткаў, атрыманыя пасьля 15 лютага 2024 году.
У сакавіку Эўрапейская камісія прапанавала выкарыстоўваць 90% даходаў для аплаты зброі для Ўкраіны праз Эўрапейскі фонд міру. Яшчэ 10% пойдуць у бюджэт ЭЗ для праграм падтрымкі Ўкраіны. Гэтая схема яшчэ павінна быць зацьверджаная аднагалосным рашэньнем Рады Эўразьвязу, куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх краін ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: краіны G7 абмяркоўваюць перадачу Ўкраіне замарожаных актываў Расеі на 260 млрд эўра ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Эстоніі ўхваліў законапраект аб выкарыстаньні расейскіх замарожаных актываў для аднаўленьня Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэльгія накіруе Ўкраіне дапамогу ў 200 мільёнаў эўра, атрыманых з даходаў ад замарожаных расейскіх актываў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе замарозілі 19 млрд эўра расейскіх кампаній і алігархаў. Што зробяць з гэтымі грашыма