Пра гэта пішуць у тэлеграм-каналах, якія тычацца перасячэньня мяжы з гэтай краінай, а таксама пацьвярджаюць удзельнікі аўтарынку, паведамляе «Люстэрка».
Як толькі на польскай мяжы пачалі разварочваць аўтамабілі на транзытных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэйшыя за 50 тысяч эўра, перагоншчыкі машын накіраваліся на пункты пропуску ў Літву і Латвію. Аднак на латвійскай мяжы іх таксама перасталі прапускаць, паведамілі ўвечары 26 сакавіка ў тэлеграм-канале «Грыгараўшчына — Патэрніекі».
Некаторыя іншыя ўдзельнікі канала пацьвердзілі гэтую інфармацыю, заўважыла «Люстэрка».
«Патэлефанавалі ў „Патэрніекі“, сказалі, што ў іх указаньне ніякія транзыты вышэй за 1,9 літра не пускаць», — напісаў адзін з удзельнікаў канала. Яшчэ адзін карыстальнік паведаміў, што ўжо сутыкнуўся з тым, што аўта «разьвярнулі» і не далі праехаць у Беларусь.
27 сакавіка інфармацыю аб сытуацыі на латвійска-беларускай мяжы пацьвердзілі на старонцы «Большой Автоблог» у Instagram.
«Сытуацыя з вывазам машын з абʼёмам, большым за 1,9 л, такая: усе паехалі на Латвію, з учорашняга вечара і Латвія перастала прапускаць аўтамабілі абʼёмам 1,9+ л. Разам: усё абʼёмам больш за 1,9 літра завезьці ў Беларусь з Эўропы праблематычна. Амаль немагчыма», — паведаміў блогер.
Паводле яго зьвестак, зараз сотні перагоншчыкаў курсуюць уздоўж мяжы, спрабуючы знайсьці выхад з сытуацыі, але яго пакуль няма. CMR (міжнародная аўтамабільная накладная) на Казахстан і іншыя прыёмы не працуюць, адзначае блогер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла вываз некаторых аўтамабіляў у Беларусь, кіроўцы на пераходзе ў Тарэспалі гавораць пра каляпсРаней стала вядома, што Польшча з 23 сакавіка забараніла вывозіць у Беларусь аўтамабілі з абʼёмам рухавіка ад 1,9 літра і большым, а таксама тыя, што каштуюць даражэй за 50 тысяч эўра. Пры гэтым польскія ведамствы не паведамляюць, з чым зьвязана гэтая забарона, вядома, што ў санкцыйны сьпіс аўтамабілі ня ўключаныя.
На польскай мяжы кіроўцам паведамляюць, што для таго, каб мець магчымасьць пераганяць аўтамабілі ў Беларусь, патрэбны новы камплект дакумэнтаў, у ліку якіх заявы ад экспартэра і вытворцы машыны.
Беларуская мытня 25 сакавіка заявіла, што чула пра новаўвядзеньне з боку Польшчы, але афіцыйных апавяшчэньняў у ведамстве не атрымлівалі.
Адзначаецца, што абмежаваньні датычацца аўтамабіляў эўрапейскіх марак з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, якія «прызначаны для экспарту ў Беларусь і Расею». Такія аўтамабілі польскія службы не прапускаюць празь мяжу.
Са спасылкай на шэраг СМІ камітэт паведаміў, што «па папярэдняй інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, поўнае блякаванне ўсіх машын з маторам 1,9 літра і вышэй працягнецца да 1 красавіка».
Такім чынам польскія ўлады спрабуюць перакрыць адну з асноўных схем абыходу санкцый, якая дазваляе расейскім і беларускім кампаніям атрымліваць падсанкцыйныя тавары, увозячы іх праз тэрыторыю Беларусі і Расеі пад выглядам транзыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча не выпускае ў Беларусь транзытныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра