26 сакавіка ў міліцыю Берасьця паступіла паведамленьне пра мінаваньне аўтамабіля па вуліцы Пушкінскай, піша сайт bar24.
Як паведамляе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, на месцы працуюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, сапэрна-піратэхнічная група. Робяцца неабходныя захады бясьпекі.
З прычыны паведамленьня пра мінаваньне рух транспарту і людзей па вуліцы Пушкінскай абмежавалі. Удзельнікаў дарожнага руху просяць выбіраць альтэрнатыўныя маршруты.
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.
Як паведаміла МУС Беларусі, у сувязі з падмаскоўным тэрактам у Беларусі прынялі дадатковыя меры дзеля забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі. У першую чаргу размова ідзе пра аб’екты транспарту і месцы вялікага зграмаджэньня людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Ісламскую дзяржаву Харасан», якую зьвязваюць з тэрактам у «Крокус Сіці» пад Масквой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да „падначаленых, якія абавязаны выканаць загад“». Беларускія сілавікі атрымалі з Расеі арыенціроўку на падазраваных у тэракце — BelPol