Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка заявіў, што падазраваныя ў нападзе на «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі першапачаткова ехалі ў бок беларускай мяжы, паведамляе ягоная прэс-служба.
Гэтая заява супярэчыць заявам Пуціна пра тое, што ўдзельнікі нападу нібыта загадзя рыхтаваліся адступаць ва Ўкраіну.
Паводле Лукашэнкі, нападнікі на «Крокус Сіці Хол» пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы, бо не маглі трапіць у Беларусь.
«Яны не маглі пайсьці ў Беларусь. Іх куратары (у нас ёсьць падазрэньні на некаторых, гэта я Пуціну патэлефаную, скажу свае падазрэньні) — яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга. Таму што ў першыя хвіліны, як у Расеі частка вобласьці перайшла на ўзмоцнены рэжым бясьпекі, так і ў нас», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Лукашэнка сьцьвярджае, што ў першыя хвіліны пасьля тэракту ён гаварыў са старшынём КДБ, пасьля чаго задзейнічалі сілы МУС Беларусі, выставілі пасты на дарогах, у тым ліку з Расеяй, «прыцягвалі сілы КДБ, Дзяржаўнага памежнага камітэту, некаторыя часткі вайскоўцаў».
«Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсьці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расейскай мяжы», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэракт у Падмаскоўі: 133 загінулыя; сярод параненых — беларус; беларускія сілавікі атрымалі з Расеі арыенціроўку на падазраваных у тэракцеГэтыя словы супярэчаць ранейшым словам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што нападнікі ехалі ў бок Украіны, дзе для іх «было падрыхтавана акно».
«Яны спрабавалі схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх дадзеных, для іх з украінскага боку было падрыхтавана акно для пераходу дзяржаўнай мяжы», — заявіў Пуцін у тэлезвароце на наступны дзень пасьля тэракту.
26 сакавіка кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў таксама заявіў, што для тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну, «было падрыхтавана акно на расейска-ўкраінскай мяжы», дзе іх чакалі і нібыта «павінны былі сустрэць як герояў».
Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк 23 сакавіка, камэнтуючы вэрсію наконт датычнасьці да тэракту Ўкраіны, заявіў, што «ніякага „ўкраінскага сьледу“ і блізка няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі восьмага падазраванага ў справе аб тэракце ў Падмаскоўі