«Роскосмос» апублікаваў справаздачу пра тры экспэрымэнты, выкананыя на МКС 25 сакавіка:
- «Проксібіётык» (дасьледаваньне ўласьцівасьцяў мікраарганізмаў і іх кансорцыюмаў для стварэньня комплекснага прадукту для падтрыманьня мікрабіёты чалавека ва ўмовах касьмічнага палёту);
- Магнітная фабрыкацыя (дасьледаваньне магчымасьці кіраванага фармаваньня і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў пры дапамозе магнітных палёў).
Беларуская ўдзельніца касьмічнага палёту Марына Васілеўская пачала правядзеньне экспэрымэнту «Проксібіётык», паведамілі ТАСС у «Раскосмасе». Як паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падчас экспэрымэнтаў будзе вывучацца культываваньне і захоўваньне ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрый ва ўмовах касьмічнага палёту, а таксама выраб узораў кісламалочных прадуктаў з комплексам прабіятычных культур.
У ходзе місіі Васілеўскай заплянаваныя навуковыя і грамадзкія работы ў галіне мэдыцыны, біялёгіі, фізіялёгіі і дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі. Беларуска правядзе спэктральную відэафатаздымку паверхні плянэты, а таксама экспэрымэнты «Ляктафэрын» і «Ўраган».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касьмічны карабель зь беларускай на борце састыкаваўся з арбітальнай станцыяй- Расейскі касьмічны карабель «Саюз МС-25» 25 сакавіка правёў пасьпяховую стыкоўку зь Міжнароднай касьмічнай станцыяй. Ракета з караблём стартавала з Байканура 23 сакавіка. Першую спробу старту 21 сакавіка ў апошні момант перанесьлі з тэхнічных прычын.
- На борце карабля знаходзіцца першая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі касманаўтка Марына Васілеўская. Камандзір экіпажу «Саюза МС-25» — расейскі касманаўт, ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, бортынжынэр — амэрыканская астранаўтка Трэйсі Колдуэл-Дайсан.
- Плянуецца, што Васілеўская і Навіцкі прабудуць на МКС 12 дзён. Яны вернуцца з арбіты на караблі «Саюз МС-24» разам з Лорэл Эшлі О’Хара (ЗША), а Колдуэл-Дайсан застанецца працаваць на станцыі да верасьня 2024 году.
- Марына Васілеўская, якую выбралі для палёту на МКС, з 2017 году працуе ў авіякампаніі «Белавія» бортправадніцай. Летась у сьнежні яна пасьпяхова прайшла выпрабаваньні на цэнтрыфузе, дзе перанесла васьмікротную перагрузку.