Выпускнікі профільных вайскова-патрыятычных клясаў могуць паступаць без іспытаў ва ўнівэрсытэты на вайсковыя спэцыяльнасьці, вынікае з пастановы Савету міністраў № 197 ад 21 сакавіка, заўважыла выданьне «Позірк».
Выпускнікі профільных вайскова-патрыятычных клясаў могуць паступаць без іспытаў у
- Вайсковую акадэмію,
- вайсковыя факультэты БДУ (на спэцыяльнасьці «радыяцыйная, хімічная і біялягічная абарона», «геаінфармацыйныя сыстэмы»),
- БДУІР («сыстэмы і сеткі інфакамунікацый», «радыёсыстэмы і радыётэхналёгіі»),
- вайскова-тэхнічны факультэт БНТУ («эканоміка і кіраваньне», «эксплюатацыя наземных транспартных і тэхналягічных машын і комплексаў») і інш.
Выпускнікоў профільных клясаў пэдагагічнай накіраванасьці прымуць без экзамэнаў у пэдагагічныя ВНУ, інжынэрнай накіраванасьці — у тэхнічныя ВНУ на інжынэрныя спэцыяльнасьці. Па той жа аналёгіі на адпаведныя спэцыяльнасьці без іспытаў змогуць паступаць выпускнікі профільных клясаў аграрнай і спартова-пэдагагічнай накіраванасьці.
Паводле Мінадукацыі, у Беларусі каля 4 тысяч дзяцей вучацца ў профільных клясах вайскова-патрыятычнай накіраванасьці. Абавязковым у такіх клясах зьяўляецца факультатыў «Гатовы Радзіме служыць!» або «Юны памежнік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сутнасьць беларуса — рускасьць». Як рэжым Лукашэнкі робіць зь дзяцей «патрыётаў»- Апошнім часам улады Беларусі актыўна ўзяліся за «патрыятычнае выхаваньне» дзяцей: у школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы і вайскова-патрыятычныя клясы.
- Вайскова-патрыятычныя клюбы існавалі ў Беларусі і раней, але пасьля пратэстаў 2020-га ўлады вырашылі ўзяцца за выхаваньне маладых беларусаў яшчэ больш грунтоўна. У навучальных установах узмацнілі так званую «патрыятычную і выхаваўчую працу». У асяродзьдзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі з палітычных матываў.
- У траўні 2022-га Лукашэнка падпісаў закон аб разьвіцьці вайскова-патрыятычных клюбаў і фінансаваньні іх зь бюджэту. У такіх клюбах дзяцей вучаць рукапашнаму бою, карыстаньню зброяй і, як кажа віцэ-міністар, адданасьці краіне і гатоўнасьці бараніць яе са зброяй у руках.
- У кастрычніку 203 году міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў, што да канца навучальнага году ў кожнай школе Беларусі павінны адкрыць вайскова-патрыятычную клясу ці клюб.