Генэральны сакратар ААН заклікаў выплаціць кампэнсацыю за эпоху рабства

Антонію Гутэрыш

Кіраўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заявіў, што гандаль рабамі заклаў падставы для сыстэмы дыскрымінацыі, заснаванай на ідэі перавагі белай расы.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў выплаціць рэпарацыі за трансатлантычны гандаль паняволенымі людзьмі, паведаміла агенцтва Reuters.

На яго думку, гэта павінна дапамагчы пераадолець спадчыну гандлю рабамі ў сучасным грамадзтве, уключаючы сыстэмны расізм.

Агенцтва паведаміла, што з ХV па XIX стагодзьдзі сама меней 12,5 мільёна афрыканцаў былі выкрадзеныя, гвалтоўна вывезеныя эўрапейскімі гандлярамі на эўрапейскіх караблях і прададзеныя ў рабства. Тыя, хто выжыў у гэтым суровым падарожжы, у выніку працавалі на плянтацыях у Паўночнай і Паўднёвай Амэрыках, у асноўным у Бразыліі і на Карыбах, у той час як іншыя нажываліся на іхнай працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН Гутэрыш заклікаў аднавіць дапамогу Газе пасьля скандалу з дапамогай ХАМАС

У заяве з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр рабства Гутэрыш адзначыў, што падзеі мінулага «заклалі падставы для сыстэмы гвалтоўнай дыскрымінацыі, заснаванай на ідэі перавагі белай расы».

«Мы заклікаем да стварэньня рамачнай асновы для рэпарацыйнай справядлівасьці, каб пераадолець пакаленьні адчужэньня і дыскрымінацыі», — заявіў Гутэрыш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН прыбыў ва Ўганду дзеля двух самітаў, а канал МЗС Беларусі выдаў гэта за дасягненьне Алейніка