Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк заявіў, што расейскі самалёт А-50, які знаходзіўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам, пашкодзілі ў выніку дывэрсійнай апэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны.
«У Беларусі спрацавалі на аэрадроме Мачулішчы. А-50 — расейскі варожы самалёт, які ажыцьцяўляў глыбокую радыёлякацыю па тэрыторыі Ўкраіны. Яго адпаведна дывэрсійна адпрацавалі і пашкодзілі радыёлякацыйную сыстэму і (якую) вывелі абсалютна назаўжды з ладу», — сказаў Васіль Малюк у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу ICTV.
Кіраўнік СБУ дадаў, што для дывэрсіі выкарысталі два дроны.
«А-50, летась, Мачулішы, Беларусь. Хірургічна спрацавалі па антэне. Апэратыўны склад на сваім слэнгу патэльняй яе называў. Два адпаведныя нашыя ударныя дроны, яны нанесьлі пасьпяховае агнявое паражэньне», — дадаў Васіль Малюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Азараў заявіў, што падрыў расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах быў сумеснай апэрацыяй ByPol і СБУ26 лютага 2023 году ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам адбылася дывэрсія. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі А-50.
Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазьней прызналі і правялі антыдывэрсійную апэрацыю.
Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. Пад перасьлед трапілі тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасьля 2020 году. Па словах супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманьні прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў. Пэўна, некаторыя падазраваныя з такімі заняткамі знаходзяцца цяпер за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: у Расеі засталося восем А-50 пасьля зьбіцьця такога самалёта над Азоўскім морамТрэцяга сакавіка КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл.
Вядомыя імёны 8 затрыманых і яшчэ некалькіх падазраваных, якія знаходзяцца за мяжой. А таксама прысуд аднаму зь фігурантаў — 10 гадоў калёніі. Пасьля дывэрсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстаньне дронаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі забарону для грамадзянаў на ўвоз і выкарыстаньне бесьпілётнікаў