Савет міністраў падоўжыў забарону на вываз шэрагу прамысловых тавараў

Пад забарону на вываз зь Беларусі трапілі і трактары. Ілюстрацыйнае фота

Сярод забаронаў на вываз — лякаматывы, трактары, бульдозэры і іншае.

Улады Беларусі працягнулі на чарговыя паўгода ўведзеную яшчэ ўвосень 2022 году забарону на вываз за межы краіны шэрагу прамысловых тавараў. Гэта вынікае з пастановы Саўміна № 212 ад 22 сакавіка 2024 году, піша afn.by.

Пералік забароненых да вывазу тавараў налічвае больш за 250 кодаў таварнай намэнклятуры.

У прыватнасьці, забаронены да вывазу чыгуначныя лякаматывы, вагоны, дырыжаблі і аэрастаты, трактары, легкавыя аўтамабілі, матацыклы, ровары, лятальныя апараты, мэдыцынскія вырабы, розныя інструмэнты і абсталяваньне, газагенэратары, абсталяваньне для ацяпленьня, ядзерныя рэактары, цеплавыдзяляльныя элемэнты, рухавікі і іншыя сілавыя ўстаноўкі, халадзільнае і маразільнае абсталяваньне, аўтапагрузчыкі, бульдозэры, абсталяваньне для сельскай і лясной гаспадаркі, сельскагаспадарчыя машыны, розныя віды прадукцыі станкабудаваньня, вылічальныя машыны, акумулятары, пыласосы, тэлефонныя апараты, уключаючы смартфоны, электрычная апаратура, інтэгральныя схемы і іншыя віды прадукцыі.

Пастанова набыла моц з 23 сакавіка і будзе дзейнічаць на працягу 6 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла вываз некаторых аўтамабіляў у Беларусь, кіроўцы на пераходзе ў Тарэспалі гавораць пра каляпс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона на ўвоз шэрагу тавараў зь Літвы: стала вядома, калі яна пачне дзейнічаць і што нельга ўвозіць