Яшчэ аднаго беларуса затрымалі за камэнтар пра тэракт у «Крокусе»

Crocus City Hall пасьля тэрарыстычнай атакі і пажару

Сілавікі затрымалі беларуса за камэнтары пра тэракт у падмаскоўным Crocus City Hall.

Пра гэта паведамляе выданьне Reform.by са спасылкай на відэа, абнародаванае на блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале.

На відэа малады мужчына кажа, што пакінуў «нэгатыўны камэнтар» пра тэракт, а таксама «прадастаўляў экстрэмісцкія матэрыялы экстрэмісцкім групам Nexta і „Люстэрка“».

У роліку ён зьяўляецца зь перабінтаванай галавой. Дыктар блізкага да сілавікоў тэлеграм-канала тлумачыць, што ў затрыманага «пачаліся праблемы з вухам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блізкі да ПВК «Вагнэр» канал апублікаваў фота катаваньняў падазраванага ў тэракце

Гледзячы па ўсім, сілавікі намякалі на катаваньні падазраваных ва ўчыненьні тэракту ў Падмаскоўі. Пасьля тэракту ў расейскіх праваенных пабліках зьявілася відэа катаваньняў падазраванага ў нападзе на Crocus City Hall Раджаба Алізадэ. На кадрах яму адразаюць нажом кавалак вуха, а затым спрабуюць прымусіць гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па даносе прапагандыста Прыдыбайлы затрымалі менскую тыктокерку: «Абразіла памерлых у Крокусе»

Як паведамлялася раней, прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла напісаў данос на менскую тыктокерку Жанну Лаўрову, абвінаваціўшы яе ў апраўданьні тэрарыстычнага акту ў Падмаскоўі. Сёньня яе затрымаў ГУБАЗіК.