Па даносе прапагандыста Прыдыбайлы затрымалі менскую тыктокерку: «Абразіла памерлых у Крокусе»

Сядзіба ГУБАЗіК у Менску

Прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла напісаў данос на менскую тыктокерку Жанну Лаўрову, абвінаваціўшы яе ў апраўданьні тэрарыстычнага акту ў Падмаскоўі. Сёньня яе затрымаў ГУБАЗіК.

Пра гэта паведамляе «Наша ніва».

Лаўрова вядзе блог у TikTok і Інстаграме, дзе расказвае пра сваё жыцьцё. На TikTok Лаўровай падпісаныя больш за 300 тысячаў чалавек.

У адным з апошніх стрымаў яна сказала, што «яе сасіскі троху падгарэлі, бо прыляцеў бумэранг, таму што ёй шкада і ўкраінскіх дзяцей». На гэтыя яе словы адрэагаваў прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла. Ён апублікаваў у сваіх сацсетках допіс, дзе заклікаў сілавікоў арыштаваць жанчыну.

Сёньня ГУБАЗіК паведаміў, што яна затрыманая. Усе TikTok-каналы Лаўровай пэўны час былі недаступныя, але іх ужо аднавілі. Таксама сілавікі знайшлі ў яе Інстаграме фота, дзе яна паказвае сымбаль V з подпісам «Жыве Беларусь» у 2020 годзе.

Лаўровай пагражаюць крымінальнай справай за «прапаганду тэрарызму» і сямю гадамі турмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 сакавіка: менчука арыштавалі за вокліч «Жыве Беларусь» з акна кватэры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд ў Маскве разгледзіць запыт аб арышце яшчэ траіх падазраваных па справе тэракту ў «Крокусе»