Дэпартамэнт міграцыі Літвы распачаў працэс дэпартацыі ў Беларусь журналіста Алега Баршчэўскага, мужа праваабаронцы Вольгі Карач. У Беларусі Алегу пагражае да 7 гадоў турмы як рэдактару сайта nash-dom.info, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Сайт, у сваю чаргу, належыць беларускай праваабарончай арганізацыі «Наш Дом», прызнанай у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем», адзначае рэсурс.
«Наш Дом» лічыць, што літоўскія ўлады вядуць «палітычны перасьлед» Вольгі Карач і ейнай сям’і. Алегу Баршчэўскаму адмовілі ў палітычным прытулку на той падставе, што яму нібыта нічога не пагражае на радзіме.
У лісьце з Міграцыйнага дэпартамэнту Літвы на імя Алега Баршчэўскага паведамляецца, што Вышэйшы адміністрацыйны суд Літвы пакінуў у сіле рашэньне Дэпартамэнту міграцыі аб адмове ў прадастаўленьні яму прытулку ў Літоўскай Рэспубліцы. Гэта канчатковае рашэньне, якое не падлягае абскарджваньню.
У лісьце сказана, што ўлічваючы, што ў яго няма іншых прычын для знаходжаньня ў краіне, яго просяць адказаць, ці згодны ён выехаць за мяжу добраахвотна. У адваротным выпадку будзе ўхваленае рашэньне аб яго дэпартацыі зь Літоўскай Рэспублікі ў краіну паходжаньня, Беларусь.
Вольга Карач заявіла Свабодзе, што Літву яе муж пакідаць ня будзе, «яму няма куды яе пакідаць, і ў яго тут сям’я і дзеці — палітычныя ўцекачы Літвы».
У Дэпартамэце міграцыі Свабодзе заявілі, што ня могуць камэнтаваць пэрсанальныя справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вас дэпартуюць». Беларусам у Літве масава тэлефануюць, прадстаўляючыся Дэпартамэнтам міграцыіСправа Вольгі Карач
У жніўні 2023 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы з прычыны яе сувязі з расейскай выведкай». Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
Пасьля гэтага Вольга Карач заявіла, што будзе зьвяртацца ў Эўрапейскі суд. Яна адмовілася пакідаць Літву. 4 лютага яна падала пазоў супраць Літвы ў Эўрапейскі суд.
«Калі я пагроза нацыянальнай бясьпецы, то чаму мяне ня выслалі зь Літвы? Калі я не пагроза, то чаму мне не даюць палітычнага прытулку? Я лічу, што гэта такая кампанія цкаваньня, зьвязаная з тым, што мы абараняем правы беларусаў тут, і таксама на карысьць гэтай вэрсіі кажа той факт, што майму мужу таксама адмовілі ў палітычным прытулку за тое, што ён у лютым 2020 году езьдзіў у Беларусь», — сказала Карач у студзені 2024 году.
Карач паведаміла, што падазрэньні ў тым, што яна «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай», грунтаваліся на інфармацыі, што яна езьдзіла ў 2016 і 2019 гадах у Расею для ўдзелу ў розных канфэрэнцыях, на якіх магла «зь некім» сустракацца, а таксама спрабавала сустрэцца з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай.
Таксама яна паведаміла, што 31 праваабарончая арганізацыя зьвярнулася ў літоўскі суд зь лістамі ў яе абарону, у якіх тлумачылася, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, у тым ліку Тацянай Маскальковай, — гэта абсалютна нармальная частка праваабарончай дзейнасьці.
Вольга Карач атрымлівала дазвол на жыхарства ў Літве з 2014 году, а ў 2023-м зьвярнулася па палітычны прытулак. Яна ачольвае арганізацыю «Наш дом», якая займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Літве прызнаў законнай адмову Вользе Карач у палітычным прытулку. Рашэньне канчатковае, але яна не зьбіраецца пакідаць краіну