Басманны раённы суд Масквы арыштаваў на два месяцы чатырох абвінавачаных у зьдзяйсьненьні тэракту ў «Крокус Сіці холе» — Далерджона Мірзоева, Саідакрамі Рачабалізаду, Шамсідзіна Фарыдуні і Мухамадсабіра Файзава. Пра гэта паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў агульнай юрысдыкцыі.
Абвінавачаньне ім выставілі паводле артыкулу аб учыненьні тэракту ў складзе групы асоб. Пакараньне ў гэтай частцы артыкулу прадугледжвае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Журналістаў папрасілі не задаваць пытаньняў абвінавачаным, усе пасяджэньні праходзілі ў закрытым рэжыме. Сьледчы заявіў, што адкрытае слуханьне «можа прывесьці да выдаваньня сьледчай таямніцы» і «пагражаць бясьпецы ўдзельнікаў працэсу і іх сваякоў».
Частка арыштаваных не размаўляе па-расейску, толькі па-таджыцку, ім далі перакладчыка. На тварах усіх сьляды жорсткага затрыманьня і катаваньняў.
Увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі ў канцэртнай зале на ўскраіне Масквы страляніну з аўтаматаў. Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Колькасьць загінулых у выніку тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», паводле апошніх зьвестак, узрасла да 137. Лічба забітых можа павялічыцца. Больш за 180 чалавек пацярпелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блізкі да ПВК «Вагнэр» канал апублікаваў фота катаваньняў падазраванага ў тэракце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эскаляцыя вайны і яшчэ больш жорсткі таталітарны рэжым. Валер Карбалевіч пра палітычныя наступствы тэракту ў Маскве