Польскае апэратыўнае камандаваньне раніцай у нядзелю, 24 сакавіка, апавясьціла пра парушэньне паветранай мяжы дзяржава. Падчас чарговага масаванага абстрэлу Ўкраіны ракетамі, адна зь іх заляцела на польскія землі.
Расейскую ракету зафіксавалі каля вёскі Асэрдаў Люблінскага ваяводзтва. Польскія радыёлякацыйныя сыстэмы сачылі за ракетай. Агулам яна перабывала ў паветранай прасторы Польшчы 39 сэкунд.
Апэратыўнае камандаваньне польскіх узброеных сілаў запэўнівае, што былі запушчаныя ўсе неабходныя працэдуры для бясьпекі польскай паветранай прасторы. Сярод іншага была актываваная польская і саюзьніцкая авіяцыя.
А 5-й раніцы пра здарэньне апавясьцілі прэм’ер-міністра Польшчы Ўладзіслава Касіняка-Камыша, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Яцэк Сявера.
Расейская ракета на польскай тэрыторыі не ўпершыню
Гэта чарговы пацьверджаны выпадак парушэньня польска-ўкраінскай мяжы крылатай ракетай падчас масаванай расейскай атакі на Ўкраіну. Самая трагічная сытуацыя адбылася 15 лістапада 2022 году ў Пшэводаве ў Грубешаўскім раёне. Тады ракеты забілі двух мужчын.
Таксама 29 сьнежня 2023 ракета парушыла паветраную прастору Польшчы, але хутка павярнула назад. Непажаданы аб’ект знаходзіўся над польскай мяжой каля 3 хвілін.
Асэрдаў, дзе была заўважаная ракета, знаходзіцца ў Люблінскім ваяводзтве, у Тамашаўскім павеце, у гміне Ўльгувэк. Месьціцца на 8 км бліжэй да мяжы, чым Пшэводаў, дзе яна ўпала 1,5 года таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ненаўмысны напад на Польшчу». Чорны лебедзь, якога ня хочуць заўважацьПа ўсёй Украіне ў ноч з суботы на нядзелю абвяшчалі паветраную трывогу з-за пуску крылатых ракет расейскімі стратэгічнымі бамбавікамі Ту-95МС. Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў, што расейцы ўдарылі па Львоўскай вобласьці 20 ракетамі і 7 ударнымі бесьпілётнікамі. У Кіеве СПА зьбіла каля 10 крылатых ракет.
«Мэтаю былі аб’екты крытычнай інфраструктуры», — напісаў Садавы ў тэлеграме. Сам Львоў пры гэтым непасрэдна не атакавалі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, падчас атак гэтай ноччу ніхто не пацярпеў, пашкоджаньняў не зарэгістравана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Відавочна, што нехта праспаў», — польскі вайсковы экспэрт пра парушэньне паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі