Сілавыя структуры Беларусі атрымалі ад МУС Расеі арыенціроўку на падазраваных ва ўчыненьні тэрарыстычнага акта ў Падмаскоўі, паведамляе арганізацыя былых сілавікоў BelPol са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Як заяўлена, у арыенціроўцы гаворыцца, што «было 3-4» нападнікі. Адзначаецца, што пасьля здарэньня яны ўцяклі на белым «Рэно».
Пры гэтым у дакумэнце, фрагмэнт якога апублікаваў BelPol, указаны імёны шасьці «абгрунтавана падазраваных асоб», самаму малодшаму з якіх 29 гадоў, самаму старэйшаму — 48.
Арганізацыя сьцьвярджае, што МУС Беларусі загадала ўзброіць аўтаматамі нарады ДАІ на мяжы з РФ, а таксама «арыентаваць асабісты склад на пошук» названых асобаў.
У арыенціроўцы, як сьцбвярджае BelPol, МУС РФ зьвяртаецца да беларускіх сілавікоў не як да «прадстаўнікоў іншай дзяржавы, у якіх просяць аб аказаньні дапамогі», а як да «падначаленых, якія абавязаны выканаць загад расейскага кіраўніцтва».
- Тэракт адбыўся 22 сакавіка ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску. У залі, якая зьмяшчае 7.300 гледачоў, сабраліся прыхільнікі гурта «Пікнік», канцэрт не пасьпеў пачацца.
- У будынак увайшлі ўзброеныя людзі. У выніку страляніны і ахапіў будынак пажару загінула сама меней 133 чалавекі, пацярпела — больш за 100, сьведчаць актуальныя зьвесткі расейскіх службаў і СМІ. Дакладная колькасьць ахвяр пакуль невядомая.
- Раніцай 23 сакавіка СК РФ паведаміў аб затрыманьні у Бранскай вобласьці недалёка ад мяжы з Украінай чацьвярых падазраваных.
- Паводле інфармацыі пасла Беларусі ў Расеі Дзьмітрыя Крутога, пасьля тэракту адзін беларускі грамадзянін знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, за ягонае жыцьцё змагаюцца мэдыкі.
- Спачуваньні ў сувязі з трагедыяй выказаў Аляксандр Лукашэнка, іх сталі масава выказваць беларускія чыноўнікі і ведамствы.
- Таксама спачуваньне распаўсюдзіла прэс-служба дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай.
- МУС Беларусі і Менскі мэтрапалітэн заявілі аб узмацненьні мер бясьпекі.
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі прапанавала дапамогу расейскім калегам.
- «Сплянаванай і сьвядомай правакацыяй расейскіх спэцслужбаў па ўказаньні [Уладзіміра] Пуціна» назвала тое, што адбылося, Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Ўкраіны.