Паведамленьне пра гэта са спасылкай на кіраўніка польскай мытні і фатаздымак адпаведнай абвесткі на мяжы зьявіліся ў тэлеграм-чаце «Граница Польша», паведамляе «Белсат».
Паведамляецца, што абмежаваньне закранае аўтамабілі BMW і канцэрну VAG, які выпускае маркі Volkswagen, Audi, SEAT, Skoda ды іншыя. Уласьнікі аўтамабіляў пералічаных марак павінныя паказаць на мытні дакумэнт ад вытворцы, які пацьвярджае права на экспарт машыны за межы ЭЗ.
У гэтым дакумэнце павінна быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасьцярог наконт магчымага абыходу міжнародных санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацьвердзіць, што ведае канчатковага ўласьніка аўтамабілю і ўпэўнены, што машына будзе перамяшчацца транзытам праз тэрыторыю Беларусі ці Расеі ў трэцюю дзяржаву і падчас транзыту ня будзе перапрададзеная.
Акрамя таго, уласьнік аўтамабілю мусіць падпісаць заяву, што ведае пра адказнасьць за падробку такога дакумэнту.
У канцы абвесткі аб пропуску празь мяжу аўтамабіляў з аб’ёмам рухавікоў, большым за 1,9 літра, даецца спасылка на санкцыйную пастанову Рады Еўразвязу № 833/2014.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга грузавога транспарту на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз дасягнула новага рэкорду