Як даведалася выданьне «Наша Ніва», гаворка ідзе пра ўраджэнца Беларусі Аліма Кашаварава. Раней ён жыў у Бабруйску, але доўгі час працуе ў Расеі. У базах «Белпола» няма інфармацыі пра яго шлюб ці наяўнасьць дзяцей. Паводле зьвестак выданьня, яму 42 гады.
У сьпісах пацярпелых у выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі пазначана, што Кашавараў Алім Іосіфавіч дастаўлены гарадзкую клінічную бальніцу імя Боткіна ў Маскве. У дакумэнце напісана, што яму 43 гады.
Пра тое, што пацярпелы беларус знаходзіцца ў Боткінскай бальніцы, казаў і амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты.
«Учора ў тэракце пацярпеў наш сябар, ён з Бабруйска, вельмі добры чалавек. Ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, ён атрымаў дзьве кулі, у грудзі і ў жывот. Малюся, каб ты выжыў», — напісалі сябры Аліма ў Інстаграме.
Ці ёсьць яшчэ пацярпелыя ці загінулыя падчас нападу беларусы, пакуль дакладна не вядома. Амбасада чакае публікацыі падрабязных зьвестак пра загінулых і працэсу высьвятленьня асобаў усіх пацярпелых, адзначыў Круты.
Таксама Круты паведаміў, што сваякі шукаюць грамадзяніна Беларусі пасьля тэракту, перадае БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля нападу ў Падмаскоўі грамадзянін Беларусі — у вельмі цяжкім стане, сваякі шукаюць яшчэ аднаго беларуса, — амбасадар КрутыУвечары 22 сакавіка некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртнай залі, дзе мусіў адбыцца канцэрт расейскага рок-гурту «Пікнік». Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Пазьней над глядацкай заляй «Крокуса» рухнуў дах, ратавальнікі разьбіраюць завалы. Да раніцы з «Крокуса» эвакуявалі ўсіх пацярпелых.
У выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, паводле апошніх афіцыйных зьвестак СК Расеі, загінулі сама меней 115 чалавек. Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей.
Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, са спасылкай на крыніцу паведамляе, што колькасьць загінулых вырасла да 150 чалавек; яшчэ раніцай канал паведамляў пра 183 пацярпелых — пакуль гэтыя зьвесткі афіцыйна не пацьверджаныя.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкулу аб тэракце. 23 сакавіка дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў даклаў Пуціну пра нібыта затрыманьне 11 падазраваных у сувязі з нападам, сярод затрыманых — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэракт у Падмаскоўі: 115 загінулых, сярод параненых — беларус, Пуціну даклалі пра затрыманьне 11 падазраваных ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сувязі з тэрактам у Падмаскоўі ў мэтро Менску ўзмацнілі меры бясьпекі, у Беларусі адмяняюць масавыя мерапрыемствы